Категории
Самые читаемые

Читаем без скачивания Казкi (на белорусском языке) - Ганс Андерсен

Читать онлайн Казкi (на белорусском языке) - Ганс Андерсен

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 63
Перейти на страницу:

Прынц i прынцэса самi пасадзiлi Герду ў карэту i пажадалi ёй шчаслiвай дарогi.

Лясны крумкач, якi паспеў ужо ажанiцца, праводзiў дзяўчынку першыя тры мiлi i сядзеў у карэце побач з ёю - ён не мог ехаць, седзячы спiнаю да коней. Ручная варона сядзела на варотах i лопала крыламi. Яна не паехала праводзiць Герду, таму што ў яе балела галава, з таго часу як атрымала пасаду пры двары i занадта шмат ела. Карэта была бiтком набiта цукровымi крэндзелямi, а скрыня пад сядзеннем садавiнай i пернiкамi.

- Бывай! Бывай! - закрычалi прынц i прынцэса.

Герда заплакала, варона - таксама. Праз тры мiлi развiтаўся з дзяўчынкай i крумкач. Сумнае было развiтанне! Крумкач узляцеў на дрэва, махаў чорнымi крыламi да таго часу, пакуль карэта, зiхатлiвая, як сонца, не знiкла з поля зроку.

Гiсторыя пятая

Маленькая разбойнiца

Вось Герда ўехала ў цёмны лес, у якiм жылi разбойнiкi. Карэта гарэла як жар, яна сляпiла разбойнiкам вочы, i яны проста не маглi яе прапусцiць.

- Золата! Золата! - закрычалi яны, схапiўшы коней за аброцi, забiлi маленькiх фарэйтараў, фурмана, слуг i выцягнулi з карэты Герду.

- Бач якая слаўненькая, тлусценькая! Арэшкамi кармiлi! - сказала старая разбойнiца з доўгай шорсткай барадой i махнатымi, навiслымi брывамi. Тлусценькая, як баранчык! Ану, якая на смак будзе?

I яна выцягнула востры зiхоткi нож. Якi жах!

- Ай! - ускрыкнула яна раптам: разбойнiцу ўкусiла за вуха яе ўласная дачка, якая сядзела ў старой за спiнай i была такая нястрымная i свавольная, што проста дзiва! - Ах, ты паганая дзяўчынка! - закрычала мацi, але забiць Герду не паспела.

- Яна будзе гуляць са мной, - сказала маленькая разбойнiца. - Яна аддасць мне сваю муфту, сваю прыгожую сукенку i будзе спаць са мной на маёй пасцелi.

I дзяўчынка зноў так укусiла мацi, што тая падскочыла i закруцiлася на месцы. Разбойнiкi зарагаталi.

- Бач як скача перад сваёй дзяўчынкай!

- Хачу ў карэту! - закрычала маленькая разбойнiца i дамаглася свайго - яна была вельмi распешчаная i ўпартая.

Яны ўселiся з Гердай у карэту i памчалi па пнях i купiнах у лясны гушчар.

Маленькая разбойнiца была ростам з Герду, але здаравейшая, шырэйшая ў плячах i больш смуглая. Вочы ў яе былi зусiм чорныя, але нейкiя сумныя. Яна абняла Герду i сказала:

- Яны цябе не заб'юць, пакуль я не раззлуюся на цябе. Ты, пэўна, прынцэса?

- Не, - адказала дзяўчынка i расказала, што давялося ёй перажыць i як яна любiць Кая.

Маленькая разбойнiца сур'ёзна паглядзела на яе, злёгку кiўнула i сказала:

- Яны цябе не заб'юць, нават калi я i раззлуюся на цябе, - я лепш сама заб'ю цябе!

I яна выцерла слёзы Гердзе, а потым схавала абедзве рукi ў яе прыгожую, мяккую, цёплую муфтачку.

Вось карэта спынiлася: яны ўехалi на двор разбойнiцкага замка.

Ён быў увесь у вялiкiх расколiнах; з iх выляталi крумкачы i вароны. Аднекуль выскачылi вялiзныя бульдогi, здавалася, кожнаму з iх хоць бы што праглынуць чалавека, але яны толькi высока падскоквалi i нават не брахалi гэта было забаронена. Пасярод вялiкай залы з напаўразбуранымi закуродымленымi сценамi i каменнай падлогай палала вогнiшча. Дым падымаўся да столi i сам павiнен быў шукаць сабе выхаду. Над вогнiшчам кiпеў у вялiзным катле суп, а на ражнах смажылiся зайцы i трусы.

- Ты будзеш спаць разам са мной вось тут, каля майго маленькага звярынца, - сказала Гердзе маленькая разбойнiца.

Дзяўчынак накармiлi, напаiлi, i яны пайшлi ў свой куток, дзе была паслана салома, накрытая дыванамi. Вышэй сядзела на жэрдках больш за сотню галубоў. Усе яны, здавалася, спалi, але калi дзяўчынкi падышлi, злёгку заварушылiся.

- Усе мае! - сказала маленькая разбойнiца, схапiла аднаго голуба за ногi i так страсянула яго, што той залопаў крыламi. - На, пацалуй яго! - крыкнула яна i сунула голуба Гердзе проста ў твар. - А вось тут сядзяць лясныя ашуканчыкi, - працягвала яна, паказваючы на двух галубоў, якiя сядзелi ў невялiкiм заглыбленнi ў сцяне, за драўлянымi кратамi. - Гэтыя абодва - лясныя ашуканчыкi. Iх трэба трымаць пад замком, бо хутка знiкнуць! А вось i мой мiлы старыкан! - I дзяўчынка тузанула за рогi прывязанага да сцяны паўночнага аленя з блiскучым медным ашыйнiкам. - Яго таксама патрэбна трымаць на прывязi, iнакш уцячэ! Кожны вечар я казычу яго пад шыяй сваiм вострым нажом - ён да смерцi гэтага баiцца.

Затым маленькая разбойнiца выцягнула з расколiны ў сцяне доўгi нож i правяла iм па шыi аленя. Няшчасная жывёлiна пачала брыкацца, а дзяўчынка зарагатала i пацягнула Герду да пасцелi.

- Няўжо ты i спiш з нажом? - запыталася ў яе Герда.

- Заўсёды! - адказала маленькая разбойнiца. - Мала што можа здарыцца! Ну, раскажы мне яшчэ раз пра Кая i пра тое, як ты адправiлася падарожнiчаць па белым свеце.

Герда расказала. Лясныя галубы ў клетцы цiха буркавалi; iншыя галубы ўжо спалi. Маленькая разбойнiца абвiла адной рукой шыю Герды - у другой у яе быў нож - i захрапла, але Герда не магла заплюшчыць вачэй, не ведаючы, заб'юць яе цi пакiнуць жывой.

Раптам лясныя галубы прабуркавалi:

- Курр! Курр! Мы бачылi Кая! Белая курыца несла на спiне яго санкi, а ён сядзеў на санях Снежнай каралевы. Яны ляцелi над лесам, калi мы, птушаняты, яшчэ ляжалi ў гняздзе. Яна дыхнула на нас, i ўсе памерлi, акрамя нас дваiх. Курр! Курр!

- Што вы кажаце! - усклiкнула Герда. - Куды ж паляцела Снежная каралева? Ведаеце?

- Напэўна, у Лапландыю - там жа вечны снег i лёд. Запытайся ў паўночнага аленя, якi прывязаны тут.

- Так, там вечны снег i лёд. Дзiва як добра! - сказаў паўночны алень. Там скачаш сабе на волi па вялiзных зiхатлiвых раўнiнах. Там стаiць летнi шацёр Снежнай каралевы, а сталае яе прыстанiшча - палац каля Паўночнага полюса, на выспе Шпiцберген.

- О Кай, мой мiлы Кай! - уздыхнула Герда.

- Ляжы цiха, - сказала маленькая разбойнiца, - бо пырну цябе нажом!

Ранiцай Герда расказала ёй, што чула ад лясных галубоў. Маленькая разбойнiца сур'ёзна паглядзела на Герду, кiўнула галавой i сказала:

- Ну, няхай будзе так!.. А ты ведаеш, дзе Лапландыя? - запыталася яна пасля ў паўночнага аленя.

- Каму ж i ведаць, калi не мне! - адказаў алень, i вочы яго заззялi. - Там я нарадзiўся i вырас, там скакаў па снежных раўнiнах.

- Дык слухай, - сказала Гердзе маленькая разбойнiца. - Бачыш, усе нашы пайшлi, дома засталася адна мацi; трохi счакаўшы яна глыне са сваёй вялiкай бутэлькi i задрэмле, тады я штосьцi зраблю для цябе.

I вось старая глынула са сваёй бутэлькi i захрапла, а маленькая разбойнiца падышла да паўночнага аленя i сказала:

- Яшчэ доўга можна было б здзеквацца з цябе! Занадта ж ты пацешны, калi цябе казычыш вострым нажом. Ну, ды няхай будзе так! Я адвяжу цябе i адпушчу на волю. Можаш бегчы ў сваю Лапландыю, але за гэта ты павiнен адвезцi да палаца Снежнай каралевы гэту дзяўчынку - там яе пабрацiм. Ты ж, канешне, чуў, што яна расказвала? Яна гаварыла гучна, а ў цябе заўжды слых на семярых.

Паўночны алень так i падскочыў ад радасцi. А маленькая разбойнiца пасадзiла на яго Герду, моцна прывязала для пэўнасцi i нават падсунула пад яе мяккую падушку, каб ёй зручней было сядзець.

- Няхай будзе так, - сказала яна затым, - вазьмi назад свае футровыя боцiкi - холадна ж будзе! А муфту ўжо я пакiну сабе, вельмi ж яна прыгожая. Але мерзнуць я табе не дам: вось вялiкiя рукавiцы маёй мацi, яны дойдуць табе да самых локцяў. Засунь у iх рукi! Ну вось, цяпер рукi ў цябе, як у маёй пачварнай мацi.

Герда плакала ад радасцi.

- Цярпець не магу, калi хныкаюць! - сказала маленькая разбойнiца. - Ты павiнна радавацца. Вось табе яшчэ два боханы i кумпяк, каб не давялося галадаць.

I тое i другое было прывязана да аленя.

Потым маленькая разбойнiца адчынiла дзверы, заманiла сабак у дом, перарэзала сваiм вострым нажом вяроўку, якою быў прывязаны алень, i сказала яму:

- Ну, хутчэй! Ды беражы мне дзяўчынку.

Герда працягнула маленькай разбойнiцы абедзве рукi ў вялiкiх рукавiцах i развiталася з ёю. Паўночны алень пабег што меў сiлы праз пнi i купiны па лесе, па балотах i стэпах. Вылi ваўкi, каркалi вароны.

- Ух! Ух! - пачулася раптам з неба, i яно быццам пачало чхаць агнём.

- Вось маё роднае паўночнае ззянне! - сказаў алень. - Глядзi, як гарыць.

I ён пабег далей, не спыняючыся нi ўдзень, нi ўночы. Хлеб быў з'едзены, вяндлiна таксама, i нарэшце яны апынулiся ў Лапландыi.

Гiсторыя шостая

Лапландка i фiнка

Алень спынiўся каля ўбогай хацiны. Дах спускаўся да самай зямлi, а дзверы былi такiя нiзенькiя, што людзям даводзiлася прапаўзаць у iх на карачках.

Дома была адна старая лапландка, якая смажыла рыбу пры святле тлушчавай лямпы. Паўночны алень расказаў лапландцы ўсю гiсторыю Герды, але спачатку паведаў сваю ўласную - яна здавалася яму больш важнай.

Герда ж так скалела на холадзе, што i гаварыць не магла.

- Ах вы небаракi! - сказала лапландка. - Доўгi ж у вас яшчэ наперадзе шлях! Давядзецца пераадолець сто з лiшнiм мiль, пакуль дабярэцеся да Фiнляндыi, дзе Снежная каралева жывё на дачы i кожны вечар запальвае блакiтныя бенгальскiя агнi. Я напiшу некалькi слоў на сушанай трасцэ - паперы ў мяне няма, - i вы аднясеце пасланне фiнцы, якая жыве ў тых мясцiнах i лепш за мяне здолее навучыць вас, што патрэбна рабiць.

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 63
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Казкi (на белорусском языке) - Ганс Андерсен торрент бесплатно.
Комментарии