Категории
Самые читаемые
💎Читать книги // БЕСПЛАТНО // 📱Online » Разная литература » Прочее » Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно

Читаем без скачивания Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно

Читать онлайн Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45
Перейти на страницу:

Але ніхто смяяцца з яго не стаў: на такім востраве ноччу што хочаш можа быць. Ды і расказвалі ж многа пра гэта ў вёсцы.

– Ёсць і агні. Чаму ж ім не быць, – спакойна адказаў дзед Васіль. – От ты зараз устань, адыдзі ад кастра, адвярніся ад яго, пачакай, пакуль вочы да цемры прывыкнуць, і паглядзі… Толькі агні не бегаюць і не скачуць.

– Праўда? – разявіў рот Віталь. – Пайшлі, – ён штурхнуў у бок Сяргея. – Пайшлі ўдвух.

– Пайшлі ўсе! – падхапіўся і Віцька.

Усе разам падняліся, і Нэла з Жэнькай, і сам дзед Васіль устаў. Адышліся ад кастра ў той бок, у які дзед паказаў.

– Пачакайце крыху, а потым глядзіце прама перад сабой… Яны белавата-зялёныя…

Напружана ўглядваліся… Нічога.

І раптам Жэнька ўскрыкнула:

– Бачу!

За ёй і астатнія пабачылі – плямамі, там, там, там – у цэлую няроўную лінію выстраіліся недзе наперадзе бледныя блакітна-зялёныя агні. Не, не скакалі яны, свяцілі халодным страшным святлом, святлом не гэтага свету.

– Што гэта, Васіль Яўменавіч? – спытала шэптам Жэнька. Ёй сапраўды стала страшна.

– А ты не бойся. Падыдзі бліжэй і паглядзі, – падахвоціў дзед. – Няма там нічога страшнага.

– Не-е, – адступілася Жэнька.

Наперад пайшоў Сяргей. Можна было разгледзець яго постаць сярод дрэў. Вось ён бліжэй, бліжэй да агнёў… І Віцька сарваўся з месца, подбегам заспяшаўся да Сяргея.

Аказалася, што агні – зусім недалёка. Было бачна, як Сяргей і Віцька разам нахіліся… Павярнуліся – і два агні ужо свяціліся на ўзроўні іх грудзей! А адзін і ўвогуле ўзляцеў над іх галовамі і завагаўся сюды-туды…

Хлопцы вярталіся – і неслі гэты нежывы агонь.

– Вось, – падышлі яны да астатніх, і Віцька працягнуў… кавалак гнілога дрэва.

– Ух ты! – выгукнуў Віталь. – Як я не даўмеў! Флюарэсцэнцыя! Дожджык якраз пайшоў… Ух ты, абавязкова з сабой вазьму.

– Гнілая асіна? – спытала недаверліва Жэнька, прымаючы з рук брата гнілушку.

– Ага! Некаторыя мікробы свецяцца. Асабліва вось як цяпер – пасля дажджу. Там жа асіна трухлявая ляжыць, так?

– Ляжыць там асіна, – усміхнуўся ў цемнаце дзед. – Я яе яшчэ ў дождж прыкмеціў. Так і думаў, што засвеціцца.

– А здорава як свеціць! – захапляўся Віталь, падносячы гнілушку бліжэй-далей да далоні. – Во, як далонь асвятляе…

Сапраўды, калі гнілушку набліжалі да самай далоні, скура асвятлялася мярцвяна-бледным святлом.

– Ну вось, адна загадка Ведзьмінай тоні мае вельмі простую адгадку, – падсумаваў Віцька. – Заўтра нам трэба разгадаць яшчэ адну.

– Цяжкавата будзе, – астудзіў яго пыл дзед Васіль. – Нічога, хлопцы, я тут не пазнаю. Прайшоўся вось – і не магу сказаць нават, у якім месцы была зямлянка. Ды і зіма тады была, – са скрухай закончыў стары.

– А якія дрэвы там раслі? – спытаў Віталь.

– За столькі гадоў твае дрэвы зусім другімі сталі, – махнуў рукой Віцька. – Трэба абыходзіць увесь востраў і шукаць…

– Што шукаць? – загарэўся Віталь. – Васіль Яўменавіч, дык якія дрэвы каля зямлянкі вашай раслі?

– Некалькі ялінак было… Але ж іх тут многа дзе.

– Ну, вялікіх ялін тут мала…

– За столькі гадоў… магла вырасці яліна, а магла малой засохнуць. І вырасці магла, а потым упасці і згніць, – гнуў сваё Віцька.

– Так, усё магло быць, – нявесела зазначыў дзед Васіль. – Але паспрабуем заўтра пашукаць найперш вялікія яліны. Пад нагамі паглядзім – мо дзе ляжыць тоўстая гнілая… Зямлянка наша даўно абвалілася… Ну, нейкая яміна павінна быць…

– Карацей, нечага цяпер спрачацца, – спыніў хлопцаў Сяргей. – Будзе ранак – будзе бачна. Кладземся спаць, а то рыбалку праспім.

– Не праспіце, я вас пабуджу, – паабяцаў дзед Васіль. – Кладзіцеся, адпачывайце. Натаміліся за дзень.

Сам ён яшчэ доўга сядзеў ля кастра, паліў і паліў свае самакруткі, толькі сіні дымок віўся над яго галавой…

Частка 25

Ранак выдаўся ціхім, нечакана цёплым, хоць і вада была блізка. Лес не звінеў мноствам галасоў, як тады пасля кароткага дажджу, не, у лесе даўно пачаўся новы дзень, і галасы ў ім былі падобныя на гукі ў ранішняй вёсцы: усе выкліканыя турботай, клопатам, пачаткам новага дня.

Жэнька расплюшчыла вочы – у палатцы было ўжо светла. І азірацца не трэба было – па дыханні зразумела, што ўсе яшчэ спяць.

Жэнька асцярожна зняла з сябе ручку Нэлы, прыкрыла акуратней малую, устала. Адкрыў у другім канцы палаткі вочы Сяргей, умомант сеў, глянуў на Жэньку, на сонечныя плямы на брызенце палаткі:

– Чорт, рыбалку праспалі! – адчайна прашаптаў ён і тут жа выскачыў вонкі.

За ім выйшла і Жэнька. Зірнула на гадзіннік – сем гадзін раніцы.

Дзед Васіль сядзеў ля распаленага кастра. Відаць было, што ён толькі што падвесіў над ім чайнік – яшчэ не высахлі кроплі вады на баках. Полымя невялікага кастра лізала чорныя бакі чайніка, шыпела.

– Добрай раніцы! – прывітаўся дзед з Жэнькай і Сяргеем. – Будзіце, мабыць, астатніх, хутка і чай будзе. З траў, пахучы, лячэбны…

– А чаму вы нас не разбудзілі, як абяцалі? – гэта ўжо галава Віталя выглянула з палаткі, а потым і сам ён пад штуршком Віцькі выкаціўся вонкі. – Рыбачыць збіраліся… – бурчэў Віталь.

– Як вам спалася, лепей скажыце? – прыжмурыўся дзед Васіль.

– Ой, я нібыта правалілася, – пацягнулася Жэнька. – Думала, будзе пад галавой цвёрда, нязручна, а ледзь галава лягла – сплю. А прачнулася – нібыта сто гадзін праспала.

– А мяне як выключылі, – расказваў Віцька. – Думаю, зараз прадумаю план пошукаў, каб было што сказаць сёння, а тут – пстрык і сплю.

– Ну, вось… – дзед усміхнуўся. – Так вы тут салодка спалі, пахропвалі, што шкада мне стала вас будзіць. Нічога, Сяргей, – дзед павярнуўся да хлопца, – наша рыба будзе нашай. У Бога дзён многа.

– Ат, я не перажываю, – усміхнуўся і Сяргей. – Мне таксама спаць хацелася. Даўно так спакойна не было…

– Ну, бяжыце, умывайцеся, будзем снедаць…

Іх плыт стаяў на месцы, здавалася – нечым пакрыўджаны, мо таму, што такі кароткі быў яго першы паход, і зноў вось прывязалі… Тоня ляжала пад коўдрай тумана. Ён ужо быў рэдкаваты, недзе на праплешыны ўжо чыстай вады падалі яркія промні сонца. Туман узнімаўся пакрысе ўверх.

Вада ад берага была цёплай.

А далей у іх бухце віравала жыццё. То тут, то там раздаваліся кароткія ўсплёскі, паверхня вады раптам прарэзвалася імклівым нябачным плаўніком…

– Гуляе наша рыба, – у захапленні загаварыў Віцька. – От, глядзі, глядзі!

Велікаваты карась проста выскачыў з вады ажно, плёхнуўся назад, толькі кругі пайшлі па вадзе.

– Ой, як скача! – выгукнула Жэнька.

– Гэта ўжо не гуляе, – пракаменціраваў Віталь. – Гэта ўжо ён жыццё сваё ратаваў. За ім палявалі…

– Ну, зробім справу – сяду на дзень са спінінгам! – паабяцаў сам сабе Сяргей. – Ніколі яшчэ шчупака не лавіў.

– І я не лавіў, – прызнаўся Віталь. – Дзядзька спінінг падарыў, а мне з ім і хадзіць не было куды.

– Я спрабаваў, нічога няма складанага. Галоўнае – акуратна і не спяшацца, – супакоіў усіх Віцька. – Адзін спінінг на траіх – паспрабуем усе.

Узбуджаныя, вярнуліся да кастра. Там ужо і Нэла падстаўляла складзеныя далонькі – дзед паліваў, яна ўмывалася. Чайнік на кастры закіпаў.

Хутка сталі гатаваць сняданне.

Чай, бутэрброды – есці пакуль не хацелася. Узбуджаныя будучымі пошукамі, снедалі хутка.

Жэнька звязалася па радыётэлефоне з дыспетчарскай. На гэты раз Зарэмбы не было – сказалі, што ён паехаў у раён. Жэнька перадала, што ў іх усё добра, каб не хваляваліся. Пачынаюць пошукі.

…Ішлі, як і дамовіліся – на дзесяць крокаў адзін ад аднаго, строга па прамой. Так вырашылі ля кастра. Прачэсвалі літаральна ўвесь лес, шукалі зямлянку.

Проста сказаць было – ісці ланцугом. Тут паспрабуй прайдзі, калі лес рос гэтулькі гадоў сам па сабе. Таму і ішлі паволі. Калі хто прыпыняўся, яго чакалі, нехта знаходзіў нейкае паглыбленне – падыходзілі, спрабавалі раскапаць трохі, дакладна вызначыць: яма гэта ад вываратня якога засталася ці гэта зямлянка…

Востраў аказаўся не такі і маленькі. Ад іх плыта трэба было прайсці добрых пяцьсот метраў праз лес. І то лес не заканчваўся, не абрываўся, а паступова ўсё больш вольхаў траплялася на шляху, з’яўляліся вялікія нізкія ўчасткі з вадой. Далей – болей, радзеў і святлеў лес, адначасова нібы спускаючыся ў балота. Нарэшце дрэвы знікалі, кусты вербалозу стагамі ўзнімаліся на цяпер ужо роўнай, парослай дзе асакой, дзе разнатраўем паверхні. А пад нагамі знікала цвёрдая зямля. Хлюпала, засмоктвала імкліва…

Круглым востраў не быў, і як Віталю не карцела хутчэй скласці яго дакладную карту, гэту справу адклалі на потым.

Праз тры гадзіны пошукаў зямлянку знайшлі.

Ніякіх сумненняў не было, што гэта – зямлянка. Адразу за вываратнем быў добра бачны паўабвалены ўваход, з невялікага ўзгорка тырчалі спарахнелыя камлі нятоўстага бярвення – адразу можна было сказаць, што гэта – насыпаны дах падземнага жытла.

І дзед Васіль адразу прысеў на выварацень, стаў нервова даставаць сваю бляшанку з тытунём.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно торрент бесплатно.
Комментарии