Читаем без скачивания Спіраль гісторыі - Уладзімір Мажылоўскі
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— Адчыніце вароты, прапусціце князя Сямёна.
Вароты адчынілі і князь Наўгародскі разам са сваім суправаджэннем уехаў на крэпасны двор.
Хутка Асцею перадалі дзве граматы: ад вялікага князя Дзмітрыя і ад Тахтамыша.
Князь Асцей быў юнаком, аднак уважліва агледзеў пячаткі, почырк вялікага князя, паклікаў іншых князёў, каб і яны выказалі сваё меркаванне пра сапраўднасць пячаткі і подпісу Дзмітрыя, і толькі потым, калі ўсе ўпэўнена пацвердзілі, што пячатка і подпіс не падробныя, зачытаў змест паслання. Вялікі князь Маскоўскі Дзмітрый Данскі ў сваёй грамаце злаваўся на князя Асцея за яго непаслушэнства і загадваў неадкладна адчыніць вароты Тахтамышу. Тахтамыш у сваім пасланні хваліў князя Асцея і яго дружыну за смеласць, абяцаў забыцца на нядаўняе непаразуменне і дарэмнае кровапраліцце, не руйнаваць горад і не караць яго жыхароў. Нагадваў пра дамову з вялікім князем Дзмітрыем аб выплаце даніны.Аднак не ўсе паверылі ў сапраўднасць граматы вялікага князя.
— Не мог князь Дзмітрый напісаць такога, не мог! — у адчаі заломваў рукі князь Міхал Цвярскі. — Ён хутка збярэ войска і сам прыйдзе нам на падмогу.
— Трымай кішэнь шырэй, — злосна прашыпеў нехта з баяр. — Калі б ён паехаў збіраць войска, то не забраў бы з сабой казну і сваю сям’ю. Уцёк ён, ганебна ўцёк! Кінуў нас на волю лёсу!
— Хутка ён будзе тут, вось пабачыце!
— Ты, князь Міхал, пра свой двор пячэшся, поўны срэбра і золата, дзе цябе чакае маладая жонка...
Хто не спрачаўся, той думаў. Адзін князь Наўгародскі з абыякавым выразам на твары чакаў адказу. Унутрана ён захапляўся сабой, бо менавіта ён ноччу напісаў граматку ад імя вялікага князя, падрабіў подпіс і прышлёпнуў напісанае некалі скрадзенай у Дзмітрыя пячаткай. А яны, ёлупы, паверылі. Ладна, гэты малады ліцвін Асцей! А астатнія? Цьфу, балваны!
Вырашылі перадаць Тахтамышу, што вароты яму адчыняць заўтра з узыходам сонца.
Ноччу тыя, хто не верыў у татарскую шчырасць, каго нішто не трымала ў горадзе, праз рэчку выбраліся з крэпасці і схаваліся ў навакольных лясах.
Пакінуў горад і Цімоха са сваёй сям’ёй. «Я добрую навуку атрымаў ад татар на Вожы і на Кулікоўскім полі. Толькі дурань не хоча засвойваць іх урокаў вераломства ды можа чарговы раз паверыць нехрысцю!»
Раніцай наступнага дня Асцей з групай ваяводаў і баяр адчыніў вароты. Урачыста апрануты, у суправаджэнні баяр і духавенства, з багатымі падарункамі для хана і яго шматлікіх жонак, ён накіраваўся да шатра Тахтамыша.
А татары не змяніліся: яны адсеклі галовы Асцею і яго князям, уварваліся ў горад праз адчыненыя вароты, абрабавалі і пабілі ўсіх жыхароў, а потым паселішча падпалілі. Горкі дым ахутаў Масковію...
Я прачнуўся, прынюхаўся. З кухні да мяне даходзіў пах рыбных катлет. Па тэлевізары паказвалі матч з англійскай прэм’ерлігі. «Чорт, — стараючыся ўспомніць, хто ўключыў тэлевізар, я ці жонка, зручней уладкаваўся на канапе. — Гэта ж сягоння гуляе “Арсенал” з “Ліверпулем”!»
Напружаная барацьба на футбольным полі захапіла, адразу выцесніла з галавы думкі і пра князя Маскоўскага, і пра Тахтамыша, і пра Цімоху з Савай. Нават пра нараду, на якой мяне, пэўна, будуць вучыць розуму, я забыўся. Перажываў за дружыну Арсена Венгера, шчыра жадаў ёй перамогі.
8
А вось дырэктар школы не забыўся пра сваё абяцанне. У панядзелак пасля ўрокаў амаль увесь педагагічны калектыў школы цясніўся ў настаўніцкім пакоі. Многія з калег нешта чулі пра нашу суботнюю спрэчку і сёння з цікавасцю чакалі пачатку нарады. У некаторых гэтыя пазапланавыя пасядзелкі выклікалі нуду, яны не стараліся схаваць сваё раздражненне, нецярпліва пазіралі на гадзіннікі, цяжка, бы на хаўтурах, уздыхалі.
Пачаў дырэктар.
— Паважаныя калегі, — ён цяжкім позіркам агледзеў прысутных і нечакана для многіх, а, магчыма, і для сябе, дадаў: — сябры! Я сабраў вас на гэтую нараду для таго, каб абмеркаваць метады выкладання гісторыі Міхаілам Рыгоравічам і, калі трэба, своечасова паправіць яго. Я не хачу выглядаць рэтраградам, аднак, спадзяюся што вы правільна ацэніце яго грамадзянскую пазіцыю і дадзіце ёй прынцыповую адзнаку.
— А ў чым справа? — пачуліся нясмелыя пытанні. — Міхаіла Рыгоравіча вельмі любяць дзеці, яго паважаюць бацькі нашых вучняў...
— .ды і з метадамі выкладання ў яго поўны парадак, — прабасіў фізрук.
Дырэктар школы спрачацца не стаў. Ён хітнуў галавой свайму намесніку па выха-
ваўчай рабоце, а сам асцярожна, бы хворы на радыкуліт, сеў у крэсла. Намесніка, немаладую адзінокую жанчыну, з глыбока пасаджанымі вачыма і вострым носам, у калектыве называлі Мальвіна. Чаму да яе прыліпла такая мянушка, ніхто не ведаў. Многія спачувалі яе адзіноце, аднак ніхто яе не шкадаваў і жанчыну часта можна было бачыць з чырвонымі, заплаканымі вачыма. Не шкадавалі яе не таму, што ў нас у калектыве працавалі чэрствыя і абыякавыя людзі, хутчэй наадварот. Не шкадавалі таму, што яна ўсюды торкала свой тонкі і востры носік, а пра пачутае і ўбачанае адразу ж даносіла дырэктару.
Мальвіна паднялася, адарвала свой позірк ад запісаў, і, звяртаючыся да Юрыя Васільевіча, загаварыла:
— А вы, можна падумаць, не ведаеце ў чым справа? І апраўдваць яго метады выкладання можа толькі той, хто сам ганьбіць светлы вобраз настаўніка, — яна кінула хуткі позірк на свайго начальніка і працягвала далей: — У суботу Валерый Іванавіч наведаў урок гісторыі ў дзявятым класе. Па методыцы выкладання ў яго няма заўваг да настаўніка, а вось па змесце... У той час, як мы з вамі змагаемся за правільнае ідэалагічнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, Міхаіл Рыгоравіч некалькімі непрадуманымі сказамі ўшчэнт разбурае ўсё тое, што мы напрацоўваем з вучнямі за гады працы.
— Ды ён тэрарыст нейкі, — злосна вышчарыў зубы фізрук і не ўтрымаўся, рагатнуў у кулак. — Вазьміце, Галіна Эдуардаўна, яго на парукі.
— Вам смешна, а ён на апошнім сваім уроку выставіў гонар расійскай нацыі — Дзмітрыя Данскога — баязліўцам, ідыётам і тупым баранам.
— Я такога не казаў, — не вытрымаў я пачутай абразы. — Наадварот, імкнуўся паказаць смеласць і стойкасць простых маскавітаў — нашчадкаў расіян. Хацеў падкрэсліць розум іх палкаводцаў і перамогу іх зброі.
— Усё гэта лухта і трызненні не вельмі дасведчанага чалавека, — не ўтрымаўся ад палемікі дырэктар школы. — Я сам некалі выкладаў гісторыю і ведаю, што не было ў расіян столькі самастрэлаў.
— А якой зброяй яны выбівалі генуэзкіх рыцараў, тампліераў, крыжакоў? Стрэламі з лукаў? Каменнем?
— Не ведаю, — некалькі сумеўся дырэктар, — аднак мы сабраліся пагутарыць не пра Дзмітрыя Данскога, а пра тое, як вы збіраецеся вытрымліваць ідэалагічны курс нашага ўрада. Для моладзі імёны Дзмітрый Данскі, Аляксандр Неўскі, Аляксандр Сувораў, Пётр Першы павінны быць сінонімамі веры ў наша мінулае і ў слаўнае будучае.
— Я думаю, што наша моладзь павінна ганарыцца тым, што яе папярэднікамі былі не самадуры кшталту Суворава з Пятром, а Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая, Усяслаў і Вітаўт, Францыск Скарына і Мікалай Гусоўскі, Мікалай Радзівіл Чорны і Філон Кміта, Каліноўскі, Багдановіч, Купала, Барыс Кіт, Пётр Машэраў і многія-многія іншыя.
Дырэктар школы збянтэжыўся. Пэўна, яшчэ не ўсё чалавечае ён згубіў на сваіх партыйных пасадах. Ён з шумам выдыхнуў з грудзей паветра, адкінуўся на спінку крэсла. Ранейшы бляск яго вачэй патух, неяк раптоўна яны спустошыліся, абясквеціліся і мне падалося, што яму самому зрабілася сорамна за гэтую нараду. А я сышоў з катушак. Мяне панесла. «А-а, будзь што будзе, — мільгатнула ў галаве вар’яцкая думка, — выкажу ўсё, што думаю. А потым хай пазбаўляюць прэмій, выганяюць з працы! Пайду працаваць сацыяльным работнікам, адтуль не выганяць».
— Урокі гісторыі заключаюцца ў тым, што аналагічныя падзеі і дзеянні з мінулага па спіралі вяртаюцца ў будучыню. Мы пастаянна паўтараем тое, што ўжо было, толькі паўтараем на іншым, дасканалым узроўні. Зірніце на наш ранейшы ўрад, нашых кіраўнікоў — усе састарэлыя, нямоглыя. Аднак кожны дзень у газетах, па радыё, па тэлебачанні мы чулі: «Пад мудрым кіраўніцтвам Леаніда Ільіча», «як сказаў дарагі Леанід Ільіч» і гэтак з раніцы да вечара. Чаму, хто і навошта ўбіваў у нашы галовы гэткую дурноту?
— Ды ціха ты, — зашыкалі на мяне некаторыя са старэйшых настаўнікаў. Потым яны падхапіліся і, палахліва азіраючыся па баках, падалей ад граху, зніклі з пакоя.
— Не, пачакайце, — я ніяк не мог спыніцца. — Пры Дзмітрыі Данскім дзяржавай кіраваў савет, які бізуном і мячом прымушаў падданых вялікага князя думаць, што пераможца татар — Дзмітрый, што клапоціцца пра народ — Дзмітрый, што за вялікія перамогі толькі ён адзін заслугоўвае павагі і пашаны звацца Данскім. І гэта пры тым, што той сваёй здрадай загнаў Масковію яшчэ на стагоддзе ў татарскую кабалу. А хто памятае пра Баброк-Валынскага? Пра таго ж Андрэя Полацкага і яго сыноў? Ніхто! Адна паказуха!.. Так было і ў нас. «Вось вам, дарагі Леанід Ільіч, Залатая Зорка за асваенне цалінных зямель». «Вось вам маршальскі жэзл і яшчэ адна Зорка за перамогу на Малай зямлі». А дарагі Леанід Ільіч ужо не кіраваў. Ад састарэласці ён нават не бачыў, што краіна імкліва коціцца пад адхон. Ён толькі забаўляўся сваімі бліскучымі медалямі-цацкамі... Чаму мы так баімся праўды? Чаму так баімся белае назваць белым, а чорнае чорным? Навошта гэты бруд? Навошта гэтыя інтрыгі, плёткі, зайздрасць? Жыццё ж у нас ва ўсіх адно і яно такое кароткае!