Категории
Самые читаемые
💎Читать книги // БЕСПЛАТНО // 📱Online » Детективы и Триллеры » Детектив » Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - Жорж Сименон

Читаем без скачивания Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - Жорж Сименон

Читать онлайн Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - Жорж Сименон

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 20
Перейти на страницу:

- Ведзьма! - прабурчаў Сантонi па дарозе з вакзала на набярэжную Арфэўр. Нябозе, вiдаць, было не надта весела.

- Ва ўсякiм разе, з ёю.

- Што вы думаеце пра гэтыя чаравiкi? Калi б яны былi новыя, можна было б падумаць, што ён купiў iх сёння...

- Наўрад цi. Ён не пасмеў бы. А цiкава, цi падобная на мацi дачка?

Заехалi ў пiўную перакусiць. Мэгрэ патэлефанаваў жонцы i сказаў, што не ведае, калi вернецца.

Калi яны пад'ехалi да камiсарыята, вартавы-палiцэйскi паведамiў Мэгрэ:

- Вас пыталася нейкая дзяўчына. Кажа, што вы яе выклiкалi. Я адправiў яе ў вашае бюро.

- Даўно?

- Хвiлiн дваццаць назад.

Туман зноў змянiўся дажджом, i пыльныя прыступкi лесвiцы стракацелi мокрымi слядамi. Большасць пакояў ужо апусцела. Але ў некаторых яшчэ гарэла святло.

- Мне застацца з вамi? - спытаўся Сантонi.

Мэгрэ кiўнуў. Раз ужо пачаў расследаванне з iм - будзе з iм i працягваць.

У чакальнi сядзела дзяўчына ў блакiтным капялюшыку. Твар з-за слабага святла разгледзець было цяжка. Дзяжурны, якi чытаў вячэрнюю газету, далажыў:

- Гэта да вас, шэф.

- Я ведаю.

Звяртаючыся да дзяўчыны, Мэгрэ запытаўся:

- Панна Монiка? Хадземце, калi ласка, у мой кабiнет.

Мэгрэ запалiў настольную лямпу. Святло ўпала на крэсла, i, калi камiсар прапанаваў дзяўчыне сесцi, то адразу заўважыў сляды слёз на яе твары.

- Дзядзька ўсё мне сказаў.

Мэгрэ загаварыў не адразу, прыгледзеўся да дзяўчыны. Яна, як i мацi, трымала ў руцэ насоўку, але сцiскала яе неяк па-дзiцячы, усё роўна як мяла камяк пластылiну.

- Я думала, што заспею маму ў вас.

- Яна паехала дадому.

- Як яна?..

Ён не ведаў, што адказаць.

- Ваша мацi - мужная жанчына.

Монiка здалася камiсару абаяльнай: непадобная да мацi, праўда, таксама ў целе. На ёй быў вельмi элегантны гарнiтур, што здзiвiла Мэгрэ: пакупка, вiдавочна, была зроблена ў дарагой краме.

- Каму ж спатрэбiлася ягонае жыццё? - Слёзы зноў з'явiлiся ў яе на вачах.

Камiсару чамусьцi здавалася, што яна не зусiм шчырая. Мацi таксама трымалася насцярожана, аднак калi ўлiчыць характар, у якiм Мэгрэ паспеў сёе-тое ўгледзець, то яе можна было зразумець. Панi Турэ здавалася ганебным, што яе мужа зарэзалi ў нейкiм цёмным тупiку. Яна зацiснула жыццё, i сваё, i сваёй сям'i, у строгiя рамкi, i гэтая смерць выходзiла з iх. Ды яшчэ гэтыя жоўтыя чаравiкi i амаль што чырвоны гальштук!

А дачка нiбыта баялася пытанняў.

- Вы добра ведалi бацьку?

- Ну... вядома...

- Вы, пэўна, ведалi яго так, як дзецi ведаюць сваiх бацькоў. А я пытаюся ў вас, цi давяраўся ён вам, цi гаварыў з вамi пра сваё асабiстае жыццё...

- Ён быў добры бацька.

- Ён быў шчаслiвы?

- Напэўна.

- Вы калi-небудзь сустракалiся ў Парыжы?

- Не разумею. Вы маеце на ўвазе на вулiцы?

- Я ведаю, што вы вярталiся дамоў рознымi цягнiкамi. Але вы маглi калi-нiкалi разам абедаць.

- Здаралася.

- Часта?

- Не. Рэдка.

- Вы заходзiлi да яго ў краму?

Дзяўчына вагалася.

- Мы сустракалiся ў рэстарацыi.

- Вы тэлефанавалi яму?

- Нiколi.

- Калi вы абедалi з iм апошнi раз?

- Некалькi месяцаў назад. Да адпачынку.

- Дзе?

- У "Эльзасе". Гэта рэстаранчык на Севастопальскiм бульвары.

- Ваша мацi ведала пра гэта?

- Не памятаю. Думаю, я ёй казала.

- Ваш бацька быў вясёлы чалавек?

- Вясёлы. Ва ўсякiм разе, на маю думку.

- А здароўе ў яго было добрае?

- Ён нiколi не хварэў.

- Сябры ў яго былi?

- Мы бывалi пераважна ў маiх цётак i дзядзькоў.

- Яны жывуць у Жувiзi?

- Так, непадалёк ад нас. Дзядзька Альбэр, муж цёткi Жанны, i сказаў мне, што бацьку забiлi.

- I шмат iх у вас?

- Дзве цёткi i два дзядзькi. Цётка Сэлiна з дзядзькам Жульенам жывуць трохi далей. Дзядзькi абодва чыгуначнiкi.

- Панна Монiка, а цi сустракаецеся вы з якiм-небудзь маладым чалавекам?

Дзяўчына сумелася.

- Не будзем зараз пра гэта. Мне трэба паглядзець на бацьку?

- Вы што маеце на ўвазе?

- Як я зразумела з дзядзькавых слоў, мне трэба будзе апазнаць цела.

- Ваша мацi i цётка зрабiлi ўжо гэта. Але, калi вы хочаце...

- Не. Я ўбачу яго дома.

- Пачакайце яшчэ трохi, панна Монiка. Вам прыходзiлася сустракаць вашага бацьку ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?

- У жоўтых чаравiках? - паўтарыла яна задуменна.

- Не зусiм жоўтых, хутчэй бэжавых. У мой час, даруйце за выраз, такi колер называлi "дзiцячым паносам".

- Нешта не памятаю.

- А чырвонага гальштука на iм не заўважылi?

- Не.

- Вы даўно хадзiлi ў кiно?

- Учора пасля абеду.

- У Парыжы?

- У Жувiзi.

- Не буду вас больш затрымлiваць. Думаю, вы зможаце сесцi на цягнiк...

- Праз трыццаць пяць хвiлiн.

Яна паглядзела на гадзiннiк, узнялася, але не пайшла адразу, а затрымалася на iмгненне.

- Да пабачэння, - сказала яна нарэшце.

- Да пабачэння, панна. Дзякую вам.

Мэгрэ праводзiў дзяўчыну i зачынiў за ёю дзверы.

2. ПАННА "IЛЬВIЦА"

Мэгрэ, сам не ведаючы чаму, заўсёды вылучаў участак Вялiкiх бульвараў памiж плошчаю Рэспублiкi i Манмартрам. Уласна кажучы, гэта быў ягоны квартал. Сюды, у кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, непадалёк ад тупiчка, дзе забiлi Луi Турэ, ён пешшу, пад руку са сваёй жонкаю, заходзiў амаль кожны тыдзень. Побач, якраз насупраць кiнатэатра, была пiўная, дзе ён любiў перакусiць сасiскамi з капустаю.

Далей, у накiрунку да Оперы, бульвары рабiлiся свабаднейшыя, але тут, памiж Сэн-Мартэн i плошчаю Рэспублiкi, яны хутчэй нагадвалi нейкiя змрочныя траншэi, у якiх, бы ў мурашнiку, вiруе жыццё - часам ажно галава кружылася ад усёй гэтай мiтуснi.

Ранiца была шэрая i халодная, але не такая сырая, як напярэдаднi. Мэгрэ выйшаў з дому а палове дзевятай i за чвэрць гадзiны, не спяшаючы, дайшоў да вулiцы Бондзi. Недзе тут, у фiрме "Каплан i Занэн", i працаваў Луi Турэ ўсё сваё жыццё, у тым лiку, мабыць, i ў дзень сваёй гiбелi.

Пошукi патрэбнага нумара прывялi Мэгрэ да старой, занядбанай будынiны. Уваходныя дзверы былi адчынены насцеж, па абодвух баках вiселi розныя шыльдачкi: "Урокi машынапiсу", "Продаж пёраў", "Набiўка матрацаў", "Юрыдычны кансультант", "Дыпламаваная масажыстка".

Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.

- Дзе тут фiрма "Каплан i Занэн"? - спытаўся Мэгрэ.

- Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фiрма перастала iснаваць.

- I вы ўвесь гэты час жылi тут?

- Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.

- А цi ведалi вы Луi Турэ?

- Яшчэ як! А што з iм здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзiў да мяне ўжо некалькi месяцаў.

- Ён памёр.

- Божа лiтасцiвы... Такi здаровы мужчына! Што з iм здарылася? Сэрца, мабыць?..

- Яго забiлi ўчора пад вечар ударам нажа ў спiну.

Кансьержка ажно здранцвела.

- Я яшчэ не чытала сёння газет...

Пра гiбель Луi Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькiх радках, як пра банальнае здарэнне.

- I хто гэта мог забiць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзiў мiма майго пакоя пад лесвiцай, праходзiў па чатыры разы на дзень i кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калi пан Каплан закрыў сваю фiрму, пана Луi нiбыта падкасiла...

Кансьержка выцерла слёзы i высмаркалася.

- Пан Каплан яшчэ жывы?

- Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусiм iншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.

- Чым яны гандлявалi?

- Як, вы не ведаеце гэтай фiрмы?!

Яна так здзiвiлася, што можна было падумаць, увесь свет павiнен ведаць фiрму "Каплан i Занэн".

- Я з палiцыi, - растлумачыў Мэгрэ. - Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.

- Для нас ён быў проста панам Луi. Усе яго так i звалi, многiя нават не ведалi ягонага прозвiшча. Пачакайце, калi ласка, хвiлiнку...

Яна таропка рассоўвала астатяiя лiсты па скрынях, прычынiла дзверцы ў грубцы i накiнула на плечы шаль.

- Пан Луi забiты! Хто б мог падумаць! Такi чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павiнны былi знесцi яшчэ тры гады назад i пабудаваць на гэтым месцы кiнатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзiлi, я нават з'язджала да сваёй дачкi ў Ньеўр. Таму пан Каплан i закрыў сваю фiрму. А можа, яшчэ i таму, што апошнiя гады справы ў яго былi няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусiм не так, як бацька... Хадземце сюды...

Яны прайшлi ў вялiкi ўнутраны двор, i камiсар убачыў павiльён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькi лiтар на аблезлай шыльдзе "Каплан i Занэн".

- Калi я пасялiлася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзецi на вулiцы спынялiся i глядзелi яму ўслед.

Замок на дзвярах у павiльён быў вырваны. Усярэдзiне - рэзрух. Якi быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луi Турэ, уявiць было цяжка.

Велiзарная зала з разбiтым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной - галерэi; прылаўкi i палiцы былi знятыя, але на сценах яшчэ заставалiся сляды ад iх.

- Кожны раз, калi пан Луi заходзiў да мяне...

- А ён часта гэта рабiў?

- Раз у два-тры месяцы. I заўсёды прыносiў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццацi ўкладчыц, а то i болей, перад святамi даводзiлася працаваць i ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькi ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свiстулькi, шары, карнавальны серпанцiн, маскi, сувенiры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсцi праз залу... Часта адзiн толькi пан Луi i мог знайсцi патрэбны тавар...

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 20
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - Жорж Сименон торрент бесплатно.
Комментарии