Читаем без скачивания Пад страхам смерцi (на белорусском языке) - Жорж Сименон
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Дзевяць гадоў... Усяго тры кантрактныя тэрмiны па тры гады, разам з адпачынкам. Пасля мяне перавялi ў Марсель.
- Тут ты i стаў вялiкiм начальнiкам? Дырэктарам, здаецца?
- Намеснiкам дырэктара... Пяць гадоў назад я пайшоў на пенсiю, з-за вока...
- Багаты, мусiць?.. Грошы, вiдаць, не лiчыш...
У Лябро з'явiлася надзея. А што, калi адкупiцца грошамi? Чаму не? Нават пасля суда, калi выносяць смяротны прысуд, i то не заўсёды вядуць на гiльяцiну. Ёсць катарга, турма, штраф, нарэшце.
Чаму б не заплацiць штраф?
Але адначасна з надзеяй прыйшла i трывога. Лябро не ведаў апетытаў гэтага аднаногага i баяўся назваць першы суму, на якой яны маглi б пагадзiцца.
- Жыву няблага, - адказаў асцярожна Лябро.
- Рэнту ж маеш! Якi пасаг даў ты за Iвонаю?
- Хацiнку ў Гiеры.
- А ў цябе яшчэ ёсць такiя хацiнкi?
- Ёсць... Дзве. Невялiкiя...
- Ты, напэўна, скупы?
- Не ведаю...
- Зрэшты, гэта не мае значэння, бо нiчога не мяняе...
Што ён хацеў гэтым сказаць? Што яму не патрэбныя грошы? Што прагне выканаць свой колiшнi прысуд?
- Ты разумееш, Аскар, я, калi ўжо што вырашыў, нiколi не перадумваю. Слова даю адзiн толькi раз! Хiба што цяпер у мяне ёсць час...
Але, думаў Лябро, гэта не сон, а праўда. I плошча - хоць i цьмяна ён яе бачыў цяпер - стаiць на месцы. I галасы ў кавярне i на тэрасе былi знаёмыя.
Праходзячы мiма кавярнi па вулiцы, Вiяль, босы, з сеткаю на спiне, спынiўся i крыкнуў:
- Пан Лябро! Лодка ў парадку!
- Дзякуй, Вiяль, - адказаў машынальна Лябро.
Нiхто, вядома, i не падазраваў, што ён, iх добры знаёмы, былы iх мэр i паважаны на выспе чалавек, - асуджаны на смерць. I якiм чынам асуджаны - горш ужо i не прыдумаеш!
У судзе хоць ёсць адвакаты. Журналiсты, якiя даюць у друку паведамленнi аб ходзе працэсу. Нарэшце, рашэнне суда можна абскардзiць. I апошнi злачынца можа выклiкаць спачуванне цi нават нейкiя сiмпатыi. А тут...
- Урэшце, гэта будзе залежаць ад таго, што за жыццё будзе ў мяне на тваёй выспе, ты разумееш?
Не, Лябро нiчога не разумеў. Бачыў адно, як зноў налiваў яму Жуль у шклянку вiно. Няўмольны погляд прымусiў паднесцi шклянку да вуснаў i зноў пiць...
А Жуль ужо крычаў:
- Жажо, паўтарыць!
Лябро зусiм атупеў. Пяць бутэлек - гэта ўжо занадта. Ды яшчэ ранiцай! Ён нiколi i за тыдзень столькi не выпiваў. Страўнiк у яго яшчэ з Афрыкi быў не ў парадку.
- А нумар мой нiчога, га? - спытаўся Жуль. - Спадзяюся, плошчу з яго вiдаць?
- Вядома... Пайду скажу Марысу...
З'явiўся шанц хоць на якую хвiлiну адысцi ад гэтага невыноснага тыпа, пастаяць аднаму ў цяньку, перадыхнуць крыху ад яго няўмольнага, здзеклiвага позiрку. Але толькi Лябро прыўзняўся, як аднаногi паклаў яму на плячо сваю цяжкую, бы свiнцовую, руку.
- Паглядзiм яшчэ... Мажлiва, мне тут спадабаецца, i тады нам хопiць часу на сёе-тое...
Цi ж не давалi гэтыя словы хоць якую надзею?
- Не думай пра гэта, Аскар. Ты яшчэ мяне не ведаеш.
Лябро не сказаў нi слова. Твар у яго быў абсалютна нерухомы, а вочы, дакладней, вока праз цёмныя акуляры нiяк нельга было разгледзець.
Дык як тады ўгадаў аднаногi, пра што ён думае?
- Я ж сказаў: "Пад страхам смерцi" - хiба не так? Га?.. Але пакуль што, у чаканнi прысуду, нiшто не перашкаджае нам пазнаёмiцца трохi блiжэй. Урэшце, мы ж зусiм не ведаем адзiн аднаго... Дык праўда, што твая жонка не надта памяркоўная?.. Iду ў заклад, што яна намылiць табе шыю, бо ты смярдзiш шынком i праседзеў тут да паўдня... У пiжаме... А дзiўна, братка, бачыць цябе ў такiм выглядзе ў гэты час... Жажо!..
- Я малю вас...
- Апошняя... Пляшку, Жажо!.. Што я табе казаў?.. А, што ў нас ёсць час пазнаёмiцца блiжэй... Рыбу разам палавiць... Нiколi не было на гэта нi часу, нi магчымасцi... Заўтра ты мяне навучыш... Як тут, бярэ?
- Бярэ.
- I ў цябе?
- I ў мяне... Як i ў iншых...
- Ну, i мы пойдзем на рыбалку... Возьмем з сабою вiна... Ты гуляеш у шары?.. Выдатна, я так i думаў... Навучыш i мяне... Мы час марнаваць не будзем!.. За тваё здароўе!.. "Пад страхам смерцi", не забывай... А цяпер я пайду спаць...
- Не пад'еўшы? - спытаўся збянтэжаны Лябро.
- Крошка Жажо прынясе мне снеданне ў нумар...
Ён устаў, уздыхнуў i, хiстаючыся, рушыў да дзвярэй, у якiя так i не патрапiў. Нехта засмяяўся, i Жуль раз'юшана агледзеў прысутных.
- Паклапацiся, Аскар, каб такога больш не было, - сказаў ён Лябро.
Пасля прайшоў праз усю залу на кухню, падняў, нi на кога не звяртаючы ўвагi, накрыўку з рондаля i гучна загадаў:
- Мне ў нумар!
- Зараз, пан Жуль!
У кавярне было чуваць, як ён стукаў драўлянай нагою па прыступках, пасля па падлозе. Мяркуючы па гуку, якi данёсся з ягонага нумара, ён адразу ж, не раздзеўшыся, упаў на ложак.
- Адкуль ён? - спытаўся Марыс, спусцiўшыся ў кавярню. - Калi гэты тып збiраецца тут заставацца...
Лябро перапынiў яго, пераймаючы тон Жуля, каб i слова супраць сказаць было нельга:
- Застанецца дык застанецца.
Пасля чаго выйшаў з кавярнi i накiраваўся дамоў праз плошчу. На ганку яго чакала жонка. Лябро, хоць i сцiснуў у кулак усю сваю волю i не зводзiў з жонкi вачэй, зрабiў усё ж некалькi добрых кругоў.
- Што гэта цябе так разабрала? Што ты робiш у кавярне ў такiх строях? паказала яна на ягоныя пiжаму i пантофлi. - Мне распавядалi, быццам нейкi тып перарэзаў трос у тваёй лодкi. Хто ён?
Лябро не мог адказаць на ўсе пытаннi адразу i таму адказаў толькi на апошняе:
- Гэта сябра. - I дадаў, нацiскаючы на склады са стараннасцю п'янага чалавека, якi хоча здавацца цвярозым: - Гэта мой лепшы сябра... Больш чым сябра... Гэта брат, ты чуеш?.. Я не дазволю нiкому...
У пяць гадзiн дня ў нумары, дзе спынiўся новы пастаялец "Ноевага каўчэга", усё яшчэ было цiха.
Калi ў той самы час звычайныя партнёры пана Лябро па гульнi ў шары пастукалiся ў дзверы ягонага дома, выйшла да iх гаспадыня.
- Тс-с! - цiха сказала яна. - Ён спiць. Вельмi стамiўся сёння...
III
Кожны наступны дзень яны выходзiлi зранку ў мора. Лодка мерна пагойдвалася на лагодных хвалях. У гэты час мора заўсёды было спакойнае, гладкае, бы атлас, - брыз падымаўся толькi праз некалькi гадзiн пасля ўсходу сонца. I марскi лазурак, i нябесная сiнь так i пералiвалiся дзiвоснымi вясёлкавымi адценнямi. А непадалёк ад "Люстраной шафы", за колькi сотняў метраў ад мыса, бы снег, бялела высачэзная скала Мэд.
Спадзяваннi аднаногага спраўдзiлiся: ён усур'ёз захапiўся рыбалкаю. Часцей за ўсё Жуль сам будзiў Лябро свiстам гадзiн у пяць ранiцы.
- Не забудзь узяць вiнца! - напамiнаў ён кожны раз.
Сеўшы ў лодку, Лябро заводзiў маторчык, i "Люстраная шафа", iрвануўшыся з месца, ускаламучвала ваду, пакiдаючы шумны след уздоўж пляжаў i бухтаў да самай скалы Мэд, непакоiла сваiм гудзеннем цiхi свiтанак.
- Насадзi мне новую пiяду! - раз-пораз гучна загадваў Жуль.
Як прынаду на Паркэролi выкарыстоўвалi ракаў-адзiнцоў, па-тутэйшаму пiядаў. Ракавiны, у якiх сядзелi пiяды, даводзiлася разбiваць малатком або каменем.
Жуль гадзiўся нават дакранацца да ракавiн. Насаджваць ракаў на кручок стала работаю аднаго Лябро. Рака нельга было паранiць, i таму апрацоўка ракавiны вымагала вялiкай далiкатнасцi, так што самому Лябро рыбу лавiць часу амаль не заставалася. Скручваючы цыгарку, Жуль кiдаў на яго позiрк.
- Як ты думаеш, Аскар: мне здалося, што...
Кожнага дня яму прыходзiла ў галаву якая-небудзь новая iдэя, звязаная са спосабам смяротнага пакарання Лябро, i ён абмяркоўваў яе з iм у сама зычлiвым тоне, усё роўна як давяраў сябру.
Аднаго разу ён сказаў:
- Спачатку я думаў задушыць цябе. Ведаеш чаму?.. Бо неяк у бары, не памятаю ўжо дзе, адна жанчына сказала мне, што ў мяне рукi забойцы, якi ўжо задушыў не аднаго чалавека. Дык цяпер добры выпадак паспрабаваць, га?..
Ён прыглядаўся да шыi Лябро, пасля пазiраў на свае рукi, круцiў галавою.
- Не, наўрад цi я буду душыць цябе...
Перабiраў уголас усе магчымыя варыянты смяротнага пакарання.
- Калi я цябе ўтаплю, ты будзеш такi непрыгожы ў труне... Мне агiдна пра гэта думаць... Ты калi-небудзь бачыў тапельца, Аскар?.. А цябе ж i цяпер прыгажуном не назавеш...
Апусцiўшы вуду ў ваду, ён нерваваўся, калi не торгала хоць пяць хвiлiн. I тады Лябро, якi ўжо даўно перастаў малiцца, пачынаў прасiць Бога, каб той паслаў Жулю рыбы, бо баяўся, што той разлюбiць рыбалку i... Страшна было падумаць, што тады можа здарыцца...
- Скажы, Аскар... Не, дай мне спярша пляшку... Час ужо...
З кожным днём ён пачынаў пiць усё раней i раней.
- А ведаеш, справа ўсё больш ускладняецца. Раней я думаў, што заб'ю цябе i не мае, урэшце, значэння, як я гэта зраблю, бо як ужо выйдзе ўсё, так яно няхай i будзе... Ты разумееш, што я хачу сказаць? У мяне не было асаблiвых прычын чапляцца за жыццё... Урэшце, магу табе прызнацца, што мне было б нават цiкава трапiць у турму, каб вакол мяне ўсчаўся ўвесь гэты гвалт: палiцыя, суддзi, журналiсты, прыгожыя дамы ў зале суда... Грандыёзны быў бы працэс, га?.. Я расказаў бы iм усё, што ёсць у мяне на сэрцы... А чаго толькi там няма - аднаму Богу вядома!.. Упэўнены, галаву мне не адсеклi б... А ў турме мне было б не так ужо i блага... Але ўявi: цяпер я зноў адчуў смак жыцця... Што ўсё i ўскладняе, бо цяпер мне трэба, каб я забiў цябе i мяне не сцапалi... Тры цi чатыры спосабы пракруцiў я ўжо ў сваёй галаве - ад самага пачатку да самага канца... Гадзiнамi думаю... Дзiва, дый годзе... Прадумваю кожную дэталь, спрабую прадугледзець любы магчымы паварот... I толькi пачне ўжо здавацца, што ўсё гладка, ды тут раптам - ба-ба-ах! Нейкая драбяза нiшчыць увесь план...