Читаем без скачивания Казкi (на белорусском языке) - Ганс Андерсен
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
А тыя тры дзяўчынкi? Дзецi кроўнай, грашовай i разумовай знацi, што з iх атрымалася? Так, усе яны былi дзецi як дзецi, усе адно аднаго вартыя! I з iх атрымалiся прыстойныя людзi; запачаткаваннi ў iх былi добрыя. А iхнiя развагi i размовы ў той вечар былi пустой дзiцячай балбатнёй!
ДЗЮЙМОВАЧКА
Жыла на свеце адна жанчына. У яе не было дзяцей, а ёй вельмi хацелася дзiцятка мець. Вось пайшла яна да старой варажбiткi i кажа:
- Мне так хочацца, каб у мяне была дачка, хоць самая маленькая!..
- Няма нiчога прасцей! - адказала варажбiтка. - Вось табе ячменнае зерне. Гэта зерне не простае, не з тых, што спеюць у вас на палях i родзяцца птушкам на спажыву. Вазьмi яго i пасадзi ў гаршчок для кветак. Убачыш, што будзе.
- Дзякуй табе! - сказала жанчына i дала варажбiтцы дванаццаць медзякоў. Потым яна пайшла дадому i пасадзiла ячменнае зярнятка ў гаршчок для кветак. Толькi яна яго палiла, зярнятка адразу ж прарасло. З зямлi вылезлi два лiсточкi i пяшчотная сцяблiнка. А на сцяблiне з'явiлася вялiзная цудоўная кветка, накшталт цюльпана. Але пялёсткi кветкi былi шчыльна сцiснутыя: яна яшчэ не распусцiлася.
- Якая цудоўная кветка! - сказала жанчына i пацалавала прыгожыя стракатыя пялёсткi.
У тую ж хвiлiну ў стрыжнi кветкi штосьцi шчоўкнула, i яна раскрылася. Гэта быў на самай справе вялiкi цюльпан, але ў чашачцы яго сядзела жывая дзяўчынка. Яна была маленькая-маленькая, усяго з дзюйм* ростам. Таму яе так i назвалi Дзюймовачка.
* У адным дзюйме (адной цалi) 2,5 сантыметры.
Калыску для Дзюймовачкi зрабiлi з блiскучай лакiраванай шкарлупiны грэцкага арэха. Замест пярынкi туды паклалi некалькi фiялак, а замест коўдрачкi - пялёсткi ружы. У гэтую калысачку дзяўчынку клалi на ноч, а днём яна гуляла на стале.
Сярод стала жанчына паставiла глыбокую талерку з вадой, а на краi талеркi расклала кветкi. Доўгiя сцяблiнкi iх купалiся ў вадзе, i кветкi доўга заставалiся свежымi i духмянымi.
Для маленькай Дзюймовачкi талерка з вадой была цэлым возерам, i яна плавала па гэтым возеры на пялёстку цюльпана, як на лодачцы. Замест вёслаў у яе былi пара белых конскiх валасоў. Дзюймовачка цэлыя днi каталася на сваёй цудоўнай лодачцы, пераплывала з аднаго боку талеркi на другi; спявала песнi. Такога пяшчотнага галаску, як у яе, нiхто нiколi не чуў.
Аднойчы ноччу, калi Дзюймовачка спала ў сваёй калысцы, праз адчыненае акно ў пакой залезла вялiзная старая жаба, мокрая i брыдкая. З падаконнiка яна скочыла на стол i зазiрнула ў шкарлупiну, дзе спала пад пялёсткам ружы Дзюймовачка.
- Як хораша! - сказала старая жаба. - Слаўная нявеста будзе майму сыну.
Яна схапiла арэхавую шкарлупiну з дзяўчынкай i выскачыла праз акно ў сад.
У садзе працякала рэчка, а пад самым яе берагам было багнiстае балота. Тут, у тванiстай цiне, i жыла старая жаба са сваiм сынам.
Сын быў таксама мокры i брыдкi - цюцелька ў цюцельку як яго мацi, старая жаба.
- Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! - толькi i мог сказаць, калi ўбачыў маленькую дзяўчынку ў арэхавай шкарлупiне.
- Цiшэй ты! Разбудзiш яе, i яна ўцячэ ад нас, - сказала старая жаба. - Яна ж лягчэй лебядзiнага пуху. Пасадзi яе на самую сярэдзiну ракi, на шырокi лiст гарлачыка, - гэта цэлая выспа для такой маленькай. Адтуль ужо ёй нiяк не ўцячы. А я тым часам падрыхтую для вас у цiне ўтульнае гняздзечка.
У рацэ расло багата гарлачыкаў; iх шырокiя зялёныя лiсты плавалi па вадзе. Самы вялiкi лiст быў далей за ўсiх ад берага. Жаба падплыла да гэтага лiста i паставiла на яго арэхавую шкарлупiну, у якой спакойна спала дзяўчынка.
Рана-раненька прачнулася Дзюймовачка i раптам убачыла, што яна на лiсце гарлачыка; вакол, куды нi зiрнеш, вада, а бераг ледзь бачыцца ўдалечынi. Дзюймовачка вельмi напалохалася i заплакала.
А старая жаба сядзела ў цiне i ўпрыгожвала свой дом чаротам i жоўтымi гарлачыкамi - яна хацела дагадзiць маладой нявестцы. Калi ўсё было гатова, жаба паплыла са сваiм брыдкiм сынам да лiста, на якiм сядзела Дзюймовачка, каб узяць яе ложачак i паставiць у спальнi. Старая жаба нiзка прысела ў вадзе перад дзяўчынкай i сказала:
- Вось мой сынок! Ён будзе тваiм мужам. Вы слаўна зажывеце з iм у нас у цiне.
- Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! - толькi i мог казаць сынок.
Жаба ўзяла шкарлупiну i паплыла з ёй, а Дзюймовачка засталася адна на зялёным лiсце i горка-горка плакала - ёй зусiм не хацелася жыць у брыдкай жабы i выходзiць за яе агiднага сына.
Маленькiя рыбкi, якiя плавалi пад вадой, бачылi жабу i яе сына i чулi, што яна казала Дзюймовачцы.
Яны высунулi з вады свае галовы, каб паглядзець на малютку нявесту. Як толькi рыбкi ўбачылi Дзюймовачку, iм стала страшэнна шкада, што такой цудоўнай дзяўчынцы давядзецца жыць з жабамi. Не бываць жа гэтаму! Рыбкi з усёй рэчкi падплылi да лiста гарлачыка, на якiм сядзела Дзюймовачка, i перагрызлi сцяблiнку лiста.
I вось лiст гарлачыка паплыў па цячэннi. Цячэнне было моцнае, i лiст з дзяўчынкай плыў вельмi хутка. Цяпер жаба нiяк не магла б дагнаць Дзюймовачку.
А Дзюймовачка плыла ўсё далей, i маленькiя птушкi, якiя сядзелi на кустах, глядзелi на яе i спявалi:
- Якая прыгожанькая маленькая дзяўчынка!
Прыгожы белы матылёк увесь час лётаў вакол Дзюймовачкi i нарэшце апусцiўся на лiст - бо вельмi яму спадабалася маленькая дзяўчынка. Тады Дзюймовачка зняла з сябе пояс, адзiн канец накiнула на матылька, а другi прывязала да свайго лiстка, i лiсток паплыў яшчэ хутчэй. Раптам мiма праляцеў майскi жук. Ён убачыў Дзюймовачку, схапiў яе i аднёс на дрэва, а зялёны лiст гарлачыка паплыў далей, i з iм матылёк - ён жа быў прывязаны i не мог вызвалiцца.
Бедная Дзюймовачка вельмi напалохалася, калi жук схапiў яе i паляцеў з ёй на дрэва. Але майскаму жуку i гора было мала. Ён усеўся высока на дрэве, пакармiў Дзюймовачку салодкiм сокам кветак i сказаў ёй, што яна яму вельмi падабаецца, хаця яна i зусiм не падобна на майскага жука.
Потым да iх прыйшлi ў госцi iншыя майскiя жукi, якiя жылi на тым жа дрэве. Яны разглядвалi Дзюймовачку з галавы да ног, а жучкi-паненкi пацiскалi шчупальцамi.
- У яе толькi дзве ножкi! - казалi адны.
- У яе нават няма шчупальцаў! - сказалi другiя.
- Якая яна тонкая! Яна зусiм як чалавек! - сказалi трэцiя.
- Яна вельмi непрыгожая! - вырашылi нарэшце ўсе жукi.
Тут майскаму жуку, якi прынёс Дзюймовачку, падалося таксама, што яна вельмi непрыгожая, i ён не захацеў больш трымаць яе ў сябе - няхай iдзе куды захоча. Ён зляцеў з ёй унiз i пасадзiў яе на рамонак.
Дзюймовачка сядзела на кветцы i плакала: ёй было крыўдна, што яна такая непрыгожая. Нават майскiя жукi прагналi яе.
Усё лета пражыла Дзюймовачка адна-аднюткая ў лесе. Яна спляла сабе з травы калысачку i павесiла гэту калысачку пад вялiкi лiст лопуху, каб яе не замачыў дожджык. Яна ела салодкi мёд з кветак i пiла расу, якую кожную ранiцу знаходзiла на лiсцях.
Так прайшло лета, прайшла восень. Наблiжалася доўгая халодная зiма. Усе птушкi паляцелi, кветкi завялi, а вялiкi лопух, пад якiм жыла Дзюймовачка, пажаўцеў, пасох i скруцiўся трубачкай.
Дзюймовачка дрыжэла ад холаду: сукенка яе ўся пашматалася, а яна была такая маленькая, пяшчотная - як ёй не мерзнуць! Пайшоў снег, i кожная сняжынка была для Дзюймовачкi тое ж, што для нас цэлая рыдлёўка снегу. Мы ж вялiзныя, а яна была ўсяго з дзюйм ростам. Яна загарнулася ў сухi лiст, але ён зусiм не саграваў, i Дзюймовачка сама дрыжэла як асiнавы лiст.
Тады Дзюймовачка вырашыла пайсцi з лесу i пашукаць сабе прытулак на зiму.
За лесам, у якiм жыла Дзюймовачка, было вялiкае поле. Хлеб з поля ўжо даўно сабралi, i толькi кароткiя сухiя сцяблiнкi тырчэлi з мёрзлай зямлi.
У полi было яшчэ халадней, чым у лесе, i бедная Дзюймовачка зусiм замерзла. I вось яна прыйшла да норкi палявой мышы; уваход у норку быў прыкрыты сухiмi сцяблiнкамi i былiнкамi. Палявая мыш жыла ў цяпле i дастатку: кухня i кладоўка ў яе бiтком набiты хлебным зернем. Дзюймовачка стала ля парога, як жабрачка, i папрасiла падаць ёй кавалачак ячменнага зярнятка - яна два днi нiчога не ела.
- Ах ты, бедная! - сказала палявая мыш (яна была, па сутнасцi, добрая старая). - Ну, iдзi сюды, пагрэйся i паеш са мной!
I Дзюймовачка спусцiлася ў норку, сагрэлася i паела. Старой дзяўчынка вельмi спадабалася, i яна сказала ёй:
- Заставайся ў мяне на зiму. Я буду кармiць цябе, а ты прыбiрай добра мой дом ды расказвай мне казкi - я вельмi люблю казкi.
I Дзюймовачка пачала рабiць усё, што загадвала ёй старая мыш. Ёй жылося выдатна ўцёплай мышынай норцы.
- Хутка ў нас будуць госцi, - сказала аднойчы палявая мыш. - Раз на тыднi прыходзiць праведаць мяне мой сусед. Ён вельмi багаты i жыве куды лепш за мяне. У яго вялiзны дом пад зямлёй, i ён носiць цудоўнае чорнае аксамiтнае футра. Выходзь, дзяўчынка, за яго! Ужо з iм ты не прападзеш. Адна толькi бяда: ён зусiм сляпы i не ўбачыць цябе. Затое ты будзеш расказваць яму самыя лепшыя казкi, якiя толькi ведаеш.
Але Дзюймовачцы зусiм не хацелася выходзiць за суседа - гэта ж быў крот.
Неўзабаве крот на самай справе прыйшоў у госцi да палявой мышы. Ён быў такi важны, вучоны i багаты; футра на iм было аксамiтнае i вельмi прыгожае.