Читаем без скачивания Казкi (на белорусском языке) - Ганс Андерсен
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Вось гэта здорава! - закрычалi ангельцы. - Як ёй нi туга даводзiцца, а яна хоць бы што! Заўсёды ўсiм задаволена. Для такой i грошай не шкада!
Тут яны расплацiлiся з селянiнам, бо жонка ж яму галавы не адарвала, а, наадварот, моцна абняла i пацалавала. Цэлую мерку золата насыпалi.
Так вось яно. Калi жонка лiчыць мужа разумнейшым за ўсiх на свеце i што ён нi зробiць, усё добра, - гэта заўсёды ёй на карысць.
Вось табе i ўся казка. Я чуў яе яшчэ ў маленстве, а цяпер расказаў табе. I цяпер ты ведаеш: "Што муж нi зробiць, усё добра!"
БУЗIНАВАЯ МАТУЛЬКА
Адзiн маленькi хлопчык аднойчы прастудзiўся; дзе ён прамачыў сабе ногi, нiхто i зразумець не мог; надвор'е было зусiм сухое. Мацi распранула яго, паклала на ложак i загадала прынесцi iмбрык, каб заварыць бузiннага напою цудоўнае патагоннае! У гэты самы час у пакой зайшоў слаўны, вясёлы дзядок, якi жыў на верхнiм паверсе гэтага ж дома. Ён быў зусiм адзiнокi, не было ў яго нi жонкi, нi дзяцей, а ён так любiў малечу, умеў расказваць iм такiя цудоўныя казкi i гiсторыi, што проста дзiва.
- Ну, выпi сваю гарбату, а пасля, можа, пачуеш казку! - сказала мацi.
- Вось бы ведаць якую-небудзь новенькую! - прамовiў стары, ласкава кiваючы галавою. - Але дзе ж гэта наш малы прамачыў сабе ногi?
- Сапраўды, дзе? - пацiснула плячыма мацi. - Нiхто не можа зразумець!
- А казка будзе? - запытаў хлопчык.
- Спачатку мне трэба ведаць, цi глыбокая вадасцёчная канава ў завулку, дзе ваша школа? Можаш ты мне сказаць гэта?
- Якраз мне па каленi! - адказаў хлопчык. - Але гэта на самым глыбокiм месцы!
- Вось чаму ў яго мокрыя ногi! - усмiхнуўся дзядок. - Цяпер варта было б расказаць табе казку, ды нi адной гатовай не ведаю!
- Вы цяпер жа можаце выдумаць яе! - сказаў хлопчык. - Мама гаворыць, што вы як толькi на што-небудзь зiрнiце, да чаго-небудзь дакранецеся, дык адразу складзеце пра гэта казку альбо цiкавую гiсторыю.
- Так то так, але такiя казкi i гiсторыi нiчога не вартыя. Што да сапраўдных, то тыя прыходзяць самi! Прыйдуць i пастукаюць мне ў лоб: "Вось i я!"
- А хутка якая-небудзь пастукаецца? - запытаў хлопчык.
Мацi ўсмiхнулася, насыпала ў iмбрык бузiнавай гарбаты i залiла яе варам.
- Ну, раскажыце! Раскажыце якую-небудзь казку!
- Добра было б, каб прыйшла сама! Але яны ганаркiя, прыходзяць толькi тады, калi самi надумаюцца! Стой, - усклiкнуў стары раптам. - Вось яна! Зiрнi на iмбрык!
Хлопчык зiрнуў: вечка на iмбрыку пачало прыпадымацца, i з-пад яго вызiрнулi свежыя беленькiя бузiнавыя кветачкi, потым з'явiлiся i доўгiя зялёныя галiнкi. Яны раслi нават з носiка iмбрыка, i неўзабаве перад хлопчыкам быў вялiкi куст; галiнкi цягнулiся да самага ложка i расхiналi фiранкi. Як хораша красавалася i пахла бузiна! З зеляноты яе выглядваў ласкавы твар старой жанчыны ў якойсьцi дзiўнай сукенцы, зялёнай, як бузiнавае лiсце, i ўсеянай белымi кветачкамi. Адразу нават не разабрацца было: сукенка гэта цi проста зелянiна i жывыя кветачкi бузiны.
- Што гэта за бабуля? - запытаў хлопчык.
- Рымляне i грэкi называлi яе Дрыядай! - адказаў стары. - Але для нас гэта вельмi ж мудрагелiстае iмя, i ў нас, у Новай слабодцы, ёй далi назву больш простую: Бузiнавая матулька. Глядзi ж на яе ўважлiва ды слухай, што буду расказваць!
Такi ж самы вялiкi, пакрыты кветкамi куст рос у закутку аднаго беднага дворыка ў Новай слабодцы. Пад кустом сядзелi пасля абеду i грэлiся на сонцы стары дзядок з бабуляй: адстаўны матрос i ягоная жонка. У старых было шмат дзяцей, унукаў i праўнукаў i неўзабаве мелiся адсвяткаваць сваё залатое вяселле, ды толькi яны добра не помнiлi патрэбнага дня i чысла. З зелянiны пазiрала на iх Бузiнавая матулька, такая ж цудоўная i ветлiвая, як вось гэтая, над iмбрыкам, i сказала: "Я дык ведаю дзень вашага залатога вяселля!" Але старыя былi захопленыя размоваю - яны ўспамiналi старасвеччыну - i не чулi яе.
- А цi помнiш, - прамовiў стары матрос, - як мы бегалi i гулялi з табой малымi! Вось тут, у гэтым самым двары, мы садзiлi садок! Помнiш, утыкалi ў зямлю дубчыкi i галiнкi?
- Канечне, канечне! - падхапiла бабулька. - Помню, помню! Мы заўзята палiвалi гэтыя галiнкi; адна з iх была бузiнавая, пусцiла карэньчыкi, сцеблiкi i вось як разраслася! Мы, старыя, можам цяпер сядзець у ценi ад яе!
- Праўда! - прадоўжыў муж. - А вось у тым закутку стаяў чан з вадою. Там мы пускалi мой караблiк, якi я сам выразаў з дрэва. Як ён плаваў! А неўзабаве мне прыйшлося пайсцi i ў сапраўднае плаванне!
- Так, але перад гэтым яшчэ мы хадзiлi ў школу i таму-сяму навучылiся! перапынiла бабулька. - А пасля нас канфiрмавалi*. Мы абое не стрымалi слёз тады!.. А затым узялiся за рукi i пайшлi агледжваць Круглую вежу, узбiралiся на самы верх i любавалiся адтуль горадам i морам. Пасля мы накiравалiся ў Фрэдэрыксберг i назiралi, як каталiся па каналах на сваёй цудоўнай яхце кароль i каралева.
* Канфiрмацыя (ад лац. confirmatio зацвярджэнне) - у пратэстантаў у той час азначала праверку ведаў царкоўных дагматаў i ўвогуле веравучэння i наступны абрад далучэння да царквы юнакоў i дзяўчат, якiя дасягнулi 16 гадоў (Заўв. перакл.).
- Так, i хутка мйе прыйшлося пусцiцца ў сапраўднае плаванне! Шмат, шмат гадоў быў я ўдалечынi ад радзiмы!
- Колькi я плакала! Мне прыходзiлi ўжо думкi, што ты памёр i ляжыш на дне марскiм! Не раз падымалася я ноччу зiрнуць, цi круцiцца ветранiк. Ён круцiўся, а ты ўсё не прыязджаў! Я добра помню, як аднойчы, у самы лiвень, у нашым двары заявiўся смяцяр. Я служыла там пакаёўкаю i выйшла са смеццевым вядром, ды запынiлася перад дзвярыма. Надвор'е ж было жахлiвае! У гэты самы час прыйшоў паштальён i перадаў мне лiст ад цябе. Давялося ж гэтаму лiсту пагуляць па белым свеце! Як я схапiла яго!.. I тут жа ўзялася чытаць. Я смяялася i плакала адначасова... Была такая шчаслiвая! У лiсце пiсалася, што ты цяпер у цёплых краiнах, дзе расце кава! Вось, палiчыла я, блаславёная краiна! Ты шмат яшчэ чаго расказваў у сваiм лiсце, i я ўсё нiбы бачыла перад сабою. Дождж так i цубанiў, а я ўсё стаяла пры дзвярах са смеццевым вядром. Раптам хтосьцi абняў мяне за стан...
- Так, i ты так ад усёй душы аплявушыла яго, што люба-дорага!
- Я ж не ведала, што гэта ты! Ты дагнаў свой лiст! Якi ты быў бравы, прыгожы, ды ты i цяпер усё такi ж! З кiшэнi ў цябе тырчэла жоўтая шаўковая хусцiнка, а на галаве красаваўся цыратовы капялюш! Такi франт! Але што за непагадзь была, i на што была падобная наша вулiца!..
- Пасля мы пажанiлiся! - прадоўжыў стары матрос. - Помнiш? А там заявiлiся ў нас дзеткi: першы хлапчук, потым Мары, Нiльс, Петэр i Ханс Крысцiян!
- Як яны выраслi i якiмi сталi добрымi людзьмi! Усе iх любяць!
- Цяпер ужо ў iхнiх дзяцей ёсць дзецi! - сказаў стары. - I якiя мацакi нашы праўнукi!.. Здаецца мне, што наша вяселле было якраз у гэткую пару.
- Якраз сёння! - сказала Бузiнавая матулька i прасунула галаву памiж старымi, але тыя падумалi, што гэта хiтае iм галавою суседка. Яны сядзелi побач, узяўшыся за рукi, i з любоўю пазiралi адно на аднаго. Крыху пазней падышлi да iх дзецi i ўнукi. Яны ж добра ведалi, што сёння дзень залатога вяселля старых, i ўжо вiншавалi iх ранiцай, але тыя паспелi забыцца пра гэта, хоць выдатна помнiлi ўсё, што здарылася шмат гадоў таму. Бузiна так i пахла, сонейка апускалася i свяцiла на развiтанне старым проста ў твар, ружовячы iхнiя шчокi. Меншы з унукаў падскокваў вакол дзядулi i бабулi i радасна галёкаў. Бузiнавая матулька хiтала галавою i крычала "ура" разам з усiмi.
- Ды гэта ж зусiм не казка! - сказаў хлопчык, калi апавядальнiк замоўк.
- Гэта ты так гаворыш, - адказаў дзядок, - а вось запытай у Бузiнавай матулькi!
- Гэта не казка! - адказала Бузiнавая матулька. - Але хутка пачнецца i казка! Якраз з усяго праўдзiвага i з'яўляюцца самыя цудоўныя казкi. Iнакш мой пахкi куст не вырас бы з iмбрыка.
З гэтымi словамi яна ўзяла хлопчыка на рукi; галiнкi бузiны, усыпаныя кветкамi, нечакана згарнулiся, i хлопчык з бабуляй апынулiся нiбы ў густой альтанцы, што панеслася з iмi ў паветры! Вось было добра! Бузiнавая матулька пераўтварылася ў маленькую прыгожанькую дзяўчынку, але сукеначка на ёй засталася тая ж - зялёная, уся ў беленькiх кветачках. На грудзях дзяўчынкi красавалася жывая бузiнавая кветачка, на светла-русявай кучаравiстай галоўцы ажно вянок з тых жа кветак. Вочы ў яе былi вялiкiя, блакiтныя. Ах, яна была такая мiленькая, што ад яе нельга было адарваць вачэй! Хлопчык пацалаваўся з дзяўчынкай, i абое сталi аднаго ўзросту, адных думак i пачуццяў.
Узяўшыся за рукi, яны выйшлi з альтанкi i апынулiся ў садзе перад домам. На зялёным поплаўчыку стаяў прыхiлены да дрэва бацькаў кiёк. Для дзяцей i кiёк быў жывы; варта было сесцi на яго вярхом, i блiскучая балдавешачка стала прыгожай конскай галавою з доўгай грываю, што развейвалася; затым выраслi чатыры тонкiя моцныя нагi, i борздкi конь паiмчаў дзяцей вакол паплаўца.
- Цяпер мы паскачам далёка-далёка! - сказаў хлопчык. - У панскi маёнтак, дзе мы былi летась!
I дзецi гайсалi вакол поплаўчыка, а дзяўчынка - мы ж ведаем, што гэта была сама Бузiнавая матулька, - прамаўляла:
- Ну, вось мы i за горадам! Бачыш сялянскiя домiкi? А вунь тыя паўкруглыя выступы ў сцяне, падобныя на агромнiстыя яйкi? Гэта ж хлебныя печы. Над домiкамi раскiнула свае галiны бузiна. Вось паходжвае па двары певень! Бачыш, разгрэблiвае смецце i адшуквае спажыву для курэй! Глядзi, якi ён ганаркi!.. А вось мы i на высокiм грудку, каля царквы! Якiя магутныя дубы растуць вакол яе! Адзiн з iх напалову вылез з зямлi карэннямi!.. Вось мы каля кузнi! Глядзi, як ярка палае агонь, як пераць па кавадле малатамi паўаголеныя людзi! Iскры сыплюцца дажджом!.. Але далей, далей, у панскi маёнтак!