Читаем без скачивания Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне - Мікалай Улашчык
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Калі ж праз лес цячэ рэчка, то хараство лесу падвойваецца. Невялікая рака - ня Волга, але наша маленькая рака, якую часам ня цяжка пераскочыць і няма прыгажэйшай у нас ракі, як Сьвіслач у лесе. Чыстая вада цячэ па пясчаным дне міма зялёных дубоў, прыбраная ўнізе лазою, арэшнікам. Уночы яна блішчыць срэбрам пад месяцам, удзень вабіць пакупацца. Уночы над ракою крычыць філін ці сава, дзікі голас здаецца прыемны. Ёсьць нейкая гармонія ціхага цёмнага лесу, ціхай малой ракі і гэтага далёкага крыку драпежніка. Не забываюцца дзіцячыя і юнацкія паходы ў лес.
У лесе можна жыць аднаму і так, як жыве Ваня. Стаіць сярод вялікага лесу дом, прад домам бэз, ружы, арэлі, за домам сад. У канцы сада рэчка, а далей на дзясяткі, сотні кіламетраў лес. Ніколі б я не выходзіў з лесу. Ваня расказвае, што старыя лесьнікі, якія ўсё жыцьцё пражылі ў лесе і звольненыя з работы, скора паміраюць - нуда па лесе заядае іх. Так і павіньна быць. Вырваць чалавека з лесу - гэта значыць адарваць яго ад зямлі. Чалавек у паветры жыць ня можа. Але зараз сьвет зьмяніўся.
Дзень я іду вучыцца на лясьнічага, ды мне пакуль толькі 13 год. Лес застаўся мілы сэрцу на ўсё жыцьцё, аднак у гэтым годзе адбываюцца падзеі, якія ставяць мяне зусім на іншыя рэйкі. У мяне адбываецца рэвалюцыя, я ўспрыймаю маё новае вучэньне і адразу захапляюся ім увесь. Мяне расьпірае ад новых ідэй, хочацца, каб усе думалі і рабілі тое ж, што і я. Рэвалюцыя гэта нацыянальная.
Гэта даўняе, нявырашанае пытаньне. Час ад часу яно ўсплывала, трывожыла, выклікала думкі, але заставалася нявырашаным. Былі непаразуменьні, няўвязкі ў поглядах, але ўсе навокал казалі, што гэта так, і я ўспрыймаў, што гэта сапраўды так.
Мы - рускія, ёсьць яшчэ палякі, жыды, цыганы, татары. Гэта тыя, што мы бачым; апрача таго недзе жывуць немцы, французы, ангельцы, аўстрыйцы. Немцаў і аўстрыйцаў бачылі пад час вайны, іншых - не. Мы - рускія праваслаўнай веры, ходзім маліцца ў царкву, палякі польскае ці каталіцкае веры моляцца ў касьцёле. Каля Рубілак ёсьць малы старэнькі “касьцёлік”, куды зьяжджаецца маліцца шляхта на свае польскія сьвяты. Нашы хадзілі маліцца ў касьцёл, палякі бывалі ў цэркві. Розьніцы вялікай няма. Хіба тое, што палякі - гэта пераважна шляхта, “шэршні”, але ёсьць сярод іх простыя. Кажуць, недалёка ад нас ёсьць Юнцаўшчына, Кложава, дзе палякі жывуць не на хутары ці ў засьценку, як звычайна, а ў вёсцы, зусім як простыя людзі. Палякі мусяць гаварыць па-польску, але нашы палякі слабыя наконт гэтага.
Мы рускія, але гаварыць хораша, па-руску ня ўмеем. Мы гаворым па-просту. Гаварыць хораша па-руску ўмее той, хто вучыўся. Руская мова - гэта навука, мастацтва, якім трэба аўладаць. Саматугам гэта даецца кепска. Прыкладам можа быць Мікалайка Тамковіч.
Нашы палякі таксама гутараць па-просту. Па-польску ідзе размова толькі ў сьвяты, калі шляхта зьяжджаецца на сваіх жоўтых і зялёных брычках да царквы ці касьцёлу на фэст, але і то такія далікатнасьці трымаюцца да таго часу, пакуль не падап’юць, а пасьля ізноў ідзе па-просту. Калі ў 1915 г. у нас зьявіліся палякі- бежанцы, то нашы палякі селі, паколькі ніхто з іх ня мог гаварыць з палякам. У Менску шляхты няма. Там палякі рабочыя ў большасьці чыгуначныя. Гэта палякі мудрэйшыя, чым наша шляхта. Як людзі гарадзкія, яны ўмеюць гаварыць і паруску, але ў большасьці карыстаюцца простаю моваю, бо па-польску або зусім ня ўмеюць гутарыць, або гавораць ня лепш, чым наша шляхта. Віцкаўскія погляды прыблізна такія: вясковы чалавек, радзіўшыся і жывучы ў вёсцы, зразумела ўмее гаварыць толькі па-просту. Раз у 1919 г. я чуў, як нашы дарослыя людзі дзівіліся, што маленькая дзевачка аднаго менскага грамадзяніна гаворыць па-руску. “Такая малая, а як хораша гаворыць”: значыцца прыроджанаю натуральнаю моваю кожнага чалавека была мова простая, а ўжо пасьля, з ростам, калі чалавек удасканальваўся, ён вучыўся гаварыць ці па-руску (“хораша”), ці па-польску (“далікатна”).
Што ёсьць сяляне, простыя мужыкі, якія гавораць без усякае навукі па-руску, пэўна ня ведалі. Увесь сьвет здаваўся такі, як Віцкаўшчына, Рубілкі, Шкіндзяроўка. Кнігі, зразумела, пішуцца толькі па-руску ці па-польску. Жыды маюць свае кнігі. Што кніг, пісаных па-простаму, няма - гэта зусім натуральна. Чалавек, які чытае кнігу, той вучыцца. Раз вучыцца, то значыцца ня хоча быць простым. Самая ідэя, што кнігі могуць быць надрукаваны па-просту, здавалася дзікаю.
Аднак між моваю, на якой пісана кніга, і моваю людзей, што гутараць па-руску, ёсьць розніца: у кнізе пішацца “корова”, а гавораць усе - і простыя, і ня простыя - "карова”. Пішацца “вода”, а ўсе гавораць “вада”. У расейскай граматыцы пісана, што калі гук “о” чуваць нявыразна, то трэба зьмяніць склон, але як ні зьмяняй склон “карова”, усё роўна будзе адно.
Паўлік, прышоўшы першы раз у адпачынак з салдат, зьдзіўлена казаў, што ёсьць салдаты, якія гавораць чыста па-кніжнаму: “окно”, “вода”, “корова”. Мы такіх яшчэ ня бачылі.
Я чытаю “Вечера на хуторе” і спаткаю там слова “ховзятся”, гэта значыцца коўзацца. Мяне злуе, чаму гэта аўтар піша ні па-простаму, ні па-руску, перакручвае простыя словы. Другія словы песьні зусім ужо нікуды: “ой місяц, місяцю”. Ну што гэта за “місяц”. Аднак гэта таксама мова простых людзей, бо Вакула ў Пецярбурзе дзівіцца, чаму запарожац зварачаецца да царыцы па-просту, калі можа гутарыць па-вучонаму. Пазьней, калі я чытаў “Женитьбу”, мяне цешыла, што лейтенант Жевакин мае погляды на рэчы якраз як віцкоўцы - ён расказвае, што ў францускай зямлі Сіцыліі ўсе, нават мужыкі, гутараць па-француску, а па-руску зусім ня ўмеюць. Во гэта дык мужыкі, мудрэй рускіх паноў, якія не заўсёды ведаюць францускую мову, не раўнуючы як наша шляхта польскую.
Кніг, пісаных па-простаму, на зямлі няма, але простыя вершы ўспрымаюцца як дзіва. Яны робяць такое ўражаньне, што звычайна чалавек, раз праслухаўшы такі верш, запамінае яго на ўсё жыцьцё. Так у нас часта дэклямуюць “панскае ігрышча”, горад і вёска ня ведаюць і ня чуюць зусім пра аўтара.
Першы раз я пачуў, як чытаюць беларускую кніжку, у дзяцінстве. Дзед па нейкаму выпадку запрасіў да сябе гасьцей, якіх набралася поўная хата. Была здаецца сёмуха. Калі я, учапіўшыся за маміну руку, увайшоў у новую хату дзеда, то ўбачыў хлопца, які ў сьвяточным адзеньні, у шапцы сядзеў каля вакна на лаве і чытаў кнігу. Каля яго стаяла яшчэ некалькі хлопцаў, якія час ад часу рагаталі. Гэты хлопец чытаў па-просту, утрыруючы словы. Ён вымаўляў словы “узноў, зыноў, паднюў”, што ў нас лічылася крайняю ступеньню простасьці. Хлопцы рагаталі з таго, што былі людзі яшчэ больш простыя, чым яны, пра якіх пішацца ў гэтай кнізе.
У 1913 г. мне трапіла кніга “Сказки и рассказы белорусов-полешуков” Сержпутоўскага. Я пробаваў чытаць яе, але скора кінуў. Ізноў было нешта простае, але перакручанае, несапраўднае.
Было зусім натуральна, што чалавек, які вучыцца, перастае гутарыць па-просту, пачынае па-руску. Руская мова - гэта навука, і хто ў школе не навучыўся гутарыць па-руску, то значыцца нічаму не навучыўся.
Што чалавек можа ўмець гаварыць па-руску, але ня будзе карыстацца гэтым дарам неба, здавалася немагчымым. Гэта быў бы просты дурань, які ня хоча вылезьці з мужыкоў у вучоныя.
VIII-а
Ад’яжджаючы першы раз у Самахвалавічы, маю загад ад мамы: “Глядзі, каб ты навучыўся там гаварыць хораша па-руску”. Успрыймаю гэты загад, стараюся з усіх сілаў, але ў Самахвалавічах гэта выходзіла кепска. У нас па-руску гаварылі толькі настаўнікі, ды на гэтай на мове напісаны кнігі, а мы ўсе ў школе і ўсе за школаю гаварылі па-просту.
У нашых чытанках такая мова, што прачытаўшы сказ ці ў апошні год верш, пачынаем рабіць пераклад, настаўнік дамагаецца ад нас, каб мы разумелі сэнс прачытанага.
“Горит восток зарёю новой, / А на равнине, по холмам”, - надрукована ў кніжцы. Пасьля запытаньняў выходзіць, што восток - гэта ўсход, а “заря” - зусім ня зорка, бо зорка - гэта “звезда”. Крыху падобна да чытаньня Эвангельля на славянскай мове, дзе славянскі тэкст перакладалі па-руску, а рускія словы яшчэ тлумачылі па-беларуску.
Нашы настаўнікі і поп глядзелі на беларускую і расейскую мову як і вяскоўцы, хто кепска ўладаў расейскаю моваю, той быў тупіца, які ня ўмее аўладаць навукаю. За беларускія словы з нас настаўнікі кпілі, дражнілі, звалі мужыкамі. Мы стараліся адказваць ім па-руску. Як у нас гэта выходзіла, сам ня ведаю, пэўна ня надта ўдала, хоць нейкія посьпехі, зразумела, былі.
Гэта ў Самахвалавічах, але ў Менску сталася больш складана. У Менску ўсе гавораць па-руску, усе былі паны. У кроў прасочвалася разуменьне, што гарадзскія лепш за вясковых: усякі гарадзкі вышэй за ўсякага вясковага.
“У Менску нават сын дворніка ці ізвозчыка будзе сьмяяцца з цябе, бо ты з вёскі”, - казала мне Ніна перад ад’ездам. І гэта сапраўды было так.
Наша “простая” мова, нашы рудыя боты, шытыя Фядосам, польты скрозь выклікалі кпіны. У год рэвалюцыі гэта зменьшылася, бо ў нас быў хлеб, а паны сядзелі галодныя, але дух застаўся.