Категории
Самые читаемые
💎Читать книги // БЕСПЛАТНО // 📱Online » Разная литература » Прочее » Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне - Мікалай Улашчык

Читаем без скачивания Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне - Мікалай Улашчык

Читать онлайн Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне - Мікалай Улашчык

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:

Быў у графа Чапскага лёкай Казей. Служыў ён графу чэсна: падаваў талеркі на стол, даглядаў вялікага пана. Раз ён не дагадзіў пану, той кінуў паданую яму талерку проста ў зубы лёкаю і выбіў яму два пярэднія зубы. За гэта і за другія ўчынкі, што перацярпеў Казей, дараваў яму граф хутар у дзьве валокі зямлі з невялікім, але гожым ляском, хутар на зайздрасьць усёй шляхце і не шляхце. Каля самага лесу цякла рэчка, тая ж, што і ў Віцкаўшчыне, але тут ужо рачулка з бягучаю вадою, з чыстым пясчаным дном. Хутар стаіць на ўзгорку, на грудзе, з таго часу і завецца Казеяў груд.

Сыходзіліся даўней на Казеяў груд людзі на Яна з усяго краю. Зьбіралася можа тысяча народу. Нядаўна яшчэ перад нашым жыцьцём быў Ян паганскім сьвятам, усенародным, усебеларускім. Людзі кідалі работу з поўдня перад Янам, ішлі грамадою, адзетыя ў сьвяточнае, несьлі гарэлку і ежу, да ранку на грудзе ішла гулянка. Палілі вогнішча, сьпявалі дзяўчаты купальскія песьні, весяліліся, жаніліся. Да нашага часу дажыў Казеяў груд як месца гуляньня, але зараз сабраўся народ не на гуляньне.

Я дарогу да груда ня ведаў, трэба было іці з суседам і ўночы. Калі стала цішэй, а на дварэ было зусім цёмна, накіраваліся мы на груд. Прайшлі Дуброву, абмінулі Рубілкі, пайшлі сьцежкаю. Ноч, чорная цёплая чэрвеньская ноч раптам асьвяцілася. Адразу стала відно: недалёка ад нас у баку загарэўся хутар, пачуўся енк, некалькі стрэлаў адзін за другім прарэзалі цішу. Жудасна слухаць уночы енкі. Каля асьветленага долу замітусіліся фігуры. Мы скочылі ў канаву і пабеглі скарэй.

Да Казеява груда іці трэба было ўмеючы: скрозь балоты, топкія сенажаці. Прайці аднаму пехатою можна, але конь адразу ўрузьне. Іці трэба адною дарогаю, з бакоў яе балота.

На грудзе як кірмаш. Месца ўбаку ад гасьцінцаў і ўсіх важных дарог. Туды ідуць толькі сьцежкі ды сьцежкі. Палякаў там не было відаць. Сюды паехалі хавацца сотні людзей з коньмі. Скрозь на рэчцы ў лазьніку, у алешніку прывязаны коні, іх тут сотні ці тысячы. На поплаве каровы, ляжыць скарб. Семсот год назад па нашай мясцовасьці ішлі татары на Койданава. Пэўна, мабыць, было тое ж, што і ў 1920 годзе.

Я доўга не сядзеў на грудзе. Трэба было дамоў. Ранічкаю пабег ізноў дамоў, дзе сядзелі, не сплючы ўжо каторую ноч, сёстры, а ўвечары прынесьлі вестку, што Казеяў груд разгромлены.

Палякам даказалі, што ў алешніку хаваюцца людзі з коньмі. Атрад палякаў рушыў туды праз поплава. Іх убачылі, паднялася паніка. Сеўшы на коней, кінуліся ўцякаць. Палякі пачалі страляць. Было нешта падобнае да вайны, толькі адзін бок быў узброены, а другі спадзяваўся толькі на свае ногі. Уцяклі не ўсе.

Частка коней засталася: іх, як вайсковую здабычу, забралі палякі. Скрозь валяліся кажухі, буркі, торбы, кінутыя, калі садзіліся на коней. Палякі падабралі лепшае.

Здаецца, канца няма адступленьню. Па гасьцінцы ідуць і ідуць, ідуць і едуць. Усё чуваць енкі, усё яшчэ б’юць, крышаць, страшаць. Сьвіней, парасят, курэй, што маглі знайці, зьелі ўсіх. Шафы, камоды, куфры паламаны. Жанчыны, што сядзяць дома, ссохлі, вочы ўваліліся, сталі перапалоханыя. Усе чакаюць бальшавікоў, як збавеньня. Усе, нават віцкоўцы, кажуць, нават шляхта і палякі.

На Пятра, на пяты дзень адступленьня, стала відаць, што канец блізкі. Ідзе меньш, ідуць скарэй. Забягаюць у хату, сьпяшаючыся, рвуць, што пападзе, і далей. Далёка, у баку ад Менска, чуваць страляніна. Пад вечар пачуліся два цяжкія ўдары, адзін за другім: палякі рвалі масты на рацэ Пціч. Яшчэ было невядома, які будзе канец усяго, нехта сказаў, што блізка будзе бой. Трывога ўзрасла.

Сонца садзілася далёка крывава-чырвонае, і стары Рыжэўскі, пхаючы махорку ў сваю люльку, казаў: “Кепска будзе, вунь якое сонца, як у крыві”.

Мы ізноў сядзелі далёка ад дому ў кустах. Надыходзіў вечар, пачало цямнець. Далёка ўбаку, на гасьцінцы былі чутны крыкі і стрэлы. Скора нам сказалі, што палякаў прагналі, прышлі бальшавікі. Навучаныя людзі з коньмі засталіся ў лесе чакаць, што будзе далей. Я пашоў дамоў і, залезшы ў салому, спаў у гумне да ўсходу сонца.

Пасьля ўжо нам перадавалі, што каля Воўчкавіч, дзе жалезная дарога ідзе па высокім насыпе, адбылося крушэньне двух цягнікоў. З Менску ішоў адзін цягнік, набіты бежанцамі палякамі, насустрач яму быў з Фаніпаля пушчаны другі, таварны. Машыніст, давёўшы свой паравік ледзьве ня ў лоб сустрэчнаму, скочыў з паравоза. На ўсім хаду трахнуліся абодва паравозы і абодва цягнікі паляцелі ўніз.

У Грычыне апошніх палякаў-марадзёраў, якія яшчэ ў апошнія часы бегалі па хатах рабаваць, грычанцы перабілі. Некалькіх, казалі, пабілі бабы. Пара польскіх жаўнераў было забіта грычанцамі, калі тыя, адстаўшы ад сваіх, хаваліся ў ку­стах. Адзін прасіўся, стаўшы на калені. Яму прыкладам разьнесьлі чэрап. Бабы разьнесьлі палякаў на кавалкі матыкамі, лапатамі. Гэта не было вынікам асобнай лютасьці грычанскіх баб. Паводзіны палякаў пры адступленьні маглі прывесьці ў злосьць самую ціхую авечку.

Палякі, адыходзячы з Грычына, запалілі мост на нашай рачулцы. Мост гарэў як сьвечка. Першым увайшоў у Грычын кавалерыйскі разьдзел у пяць чалавек.

- Дзе палякі? - закрычалі кавалерысты.

- Вунь за могілкамі, - паказалі ім грычанцы.

Кавалерысты нашпорылі коней і паімчаліся туды.

Палякаў было шмат, але такая ўжо псіхалогія адступаючых, што яны кінуліся ўцякаць. У аднаго коньніка каля мосту забілі каня. Ён выхапіў шаблю і з ёю пабег уперад. Палякі ўцякалі далей.

Назаўтра рана, ідучы ў хату, я адскочыў убок, схаваўся за сьвіран: у нас на дварэ перад хатаю спалі тры палякі. Адкуль яны ўзяліся? Аднак зараз жа даведваюся, што гэта бальшавікі, толькі апранутыя ў шэра-зялёныя польскія мундзіры.

Бальшавікі скора прачнуліся і аказаліся здаровымі маладымі хлопцамі, апранутымі кожны на свой лад. Адзін быў у ботах, другі ў вялізных салдацкіх чаравіках. У аднаго быў наган, засунуты проста за папругу, у другога збоку вісела доўгая блішчастая польская шабля. Хлопцы былі суровыя. Яны зьелі крыху хлеба з малаком. Пра масла, яйкі, сала тут не было і гутаркі. Селі коньна і паехалі.

З самай раніцы па гасьцінцы ішлі і ехалі бальшавікі. Іх спатыкалі з абразамі, цалавалі, несьлі з хат усё, што мелі. Плакалі з радасьці. Гэта ня толькі грычанцы. Багаты Войцік, уласьнік хутара ў 80 дзесяцін зямлі, чытаў бацьку Эвангельля і казаў: “Нявыпала браць, бальшавікі - гэта тыя, пра якіх тут пісана. А палякі - гэта злыдні, нячыстая сіла”. Калі ў Войціка адрэзалі добры кавалак зямлі, ён погляды зьмяніў.

З прыходам бальшавікоў у насельнікаў зьяўляецца раптам ваяўнічы пост. У Грычыне ствараецца партызанскі атрад. Атрад, відаць, лічыць найбольш небясьпечным месцам ваколіцы Грычына, бо на фронт ня йдзе, але цягаецца па жытах, навокал, шукаючы там ворага. У нас на Казлоўшчыне такі знайшлі нейкага чалавечка, якога з лаянкаю, падганяючы прыкладамі, прыгналі ў Грычын. Здабытак аказаўся невялікі, бо ён аказаўся сваім чалавекам. Быў забраны палякамі ў абоз і, уцёкшы ад іх, хаваўся ў жыце.

У той жа дзень у Грычыне забілі дзядзьку Клімовіча. Клімовічы былі арандатары дзедавай зямлі, якія ўраблялі зямлю на палавіну - аддавалі палову ўраджаю дзеду. Пасьля рэвалюцыі, калі ўсё перакруцілася, Клімовчы адрэзалі сабе палову дзедавай зямлі і пачалі ўрабляць яе як укосьнікі. Кавалак быў някепскі, бо дзед меў 50 дзесяцін.

Клімовічы былі каталікі, у нашым разуменьні палякі. Калі прыйшлі палякі, яны былі рады, скрозь бубнілі, што прышлі нашы. Яны крыху ўмелі чытаць па-польску і чыталі віцкоўкам першыя дэкрэты, якія вывешвала новая ўлада на сьцяне хлява, дзе вывешваліся ўсе навіны.

VIII

Фэлька, старэйшы хлопец, скора прысябраваўся да палякаў. Маючы паганую душу і каталіцкую веру, гэта было зрабіць лёгка. Тыя чалавечыя агрызкі, якія былі ў нас камендантамі, жандарамі (кандэкамі), тварылі ўсялякія брудныя справы, і ім былі патрэбны мясцовыя людзі, якія казалі, што ў каго можна адабраць.

Неўзабаве перад адыходам палякаў на Востраве быў абрабаваны Дубовік і краўцы, якія ў той час жылі ў яго. Увечары, калі яшчэ добра не сьцямнела, з лесу выйшла кучка людзей і пайшла пагонкаю да хаты. Здалёк не было відаць, хто яны такія, а калі тыя падышлі да дому, то ўцякаць было позна, а ўцякаць было канешне трэба, бо госьці былі ў масках, а ведама, якія людзі ходзяць увечары ў масках.

Бандыты скруцілі ўсіх, сьцягнулі ў хату, а самі пачалі гаспадарыць, ператрасаючы хату і складаючы ўсё дабро ў кучу. Каб гаспадары і краўцы гаварылі весялей дзе што ёсьць, ім пачалі падпякаць пяткі і калоць цела, а каб тыя не галасілі пры гэтай опэрацыі, ім заткнулі рот.

Аднак усё прадбачыць нельга і бандытам. Адна дзяўчына выскачыла з вакна, забегла да суседа і падняла гвалт. Народ замітусіўся, дарагія госьці сьпяшаючыся не маглі забраць усё, што хацелі.

У нас доўга і ўпарта казалі, што бандыты былі самахвалавіцкія жандары і сярод іх Фэлька. Бліжэйшым прыяцелем Фэлькі некалі быў Міхась Шалькановіч, віцкоўскі бальшавік. Яно раней, да прыходу палякаў, і Фэлька быў амаль бальшавік, але пасьля змьяніўся. Міхасю стаць палякам было нельга. Паступова між імі вырасла варожасьць. Зараз, з прыходам бальшавікоў, Міхась спрыяў, а Фэлька зьнік. На яго помсьціліся і нашы думалі, што ён сышоў з палякамі. Можа, Фэлька быў не такі.

1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне - Мікалай Улашчык торрент бесплатно.
Комментарии